Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ліст Вярхоўнага арцыбіскупа Кіева-Галіцкага і Сіноду УГКЦ да Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Беларусь
13.09.2013 09:24

Яго Эксцэленцыі біскупу Аляксандру Кашкевічу
Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Высокадастойныя Уладыкі, дарагія Браты ў біскупстве!

Гэтымі днямі Мітрапаліты, арцыбіскупы і біскупы Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з Першаіерахам Царквы праводзяць святы Сінод у Кіеве. Гэты Сінод звязаны з усенародным паломніцтвам да кіеўскіх святыняў у 1025-ты год Свята-Уладзіміравага Хросту з асвячэннем Патрыяршага сабору Уваскрасення Хрыстовага.

Сардэчна дзякуем вам за ліст ад Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, які стаў сведчаннем шчырых і братэрскіх адносінаў паміж Рыма-Каталіцкім Касцёлам у Беларусі і УГКЦ. Таксама шчыра дзякуем вам за вялікае спрыянне і падтрымку для дастойнага архімандрыта Сяргея Гаека, Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі, а таксама для святароў і вернікаў усходняй традыцыі ў няпростай справе аднаўлення парафій і структур Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

У год 1025-годдзя Хросту Русі гістарычная памяць вяртае нас у мінулае. Падзея Хросту кіянаў у Дняпры 988 года святым і вялікім князем Уладзімірам паўплывала на гістарычны лёс не толькі жыхароў Кіева, але і ўсёй тагачаснай Русі, у якой жылі продкі як украінцаў, так і беларусаў. Царква, якая паўстала ў працэсе хрысціянізацыі Русі – Кіеўская Мітраполія – сталася і застаецца да сённяшняга дня духоўнай бацькаўшчынай нашых народаў. Кіеўскае хрысціянства заклала падмуркі ўкраінскай і беларускай нацыянальна-культурных ідэнтычнасцяў. Місіянеры Кіеўскай Царквы пашырылі хрысціянства сярод суседніх народаў, запаліўшы і для іх святло Хрыстовага Евангелля. На працягу стагоддзяў нас аб’ядноўваў не толькі Кіеў – маці гарадоў рускіх і цэнтр хрысціянскіх паломніцтваў, але і Вільня, дзе супрацоўнічалі паміж сабою мітрапаліт Язэп з Руты ды іераманах Язафат з Уладзіміра-Валынскага. Нас асабліва аб’яднала беларускае Берасце, у якім нашыя продкі саборна пацвердзілі іхнюю сулучнасць (communio) з Рымскім Касцёлам. Нас аб’ядноўваюць мучанікі ды вызнаўцы царкоўнай еднасці. Гэта слаўная і велічная супольная гісторыя.

У наш час беларусы, як і ўкраінцы, належаць не толькі да Грэка-Каталіцкай (Унійнай), але і да Рыма-Каталіцкай ды Праваслаўнай Цэркваў, а таксама і да розных пратэстанцкіх канфесій. Так склалася ў выніку як асабістага выбару, так і пэўных гістарычных абставінаў. Але юбілей Хросту вяртае нас усіх да крыніцаў, да супольных духоўных каранёў. Гэта нашае супольнае свята. Таму шчыра віншуем з юбілеем нашых братоў па веры і традыцыі – беларускіх католікаў. Няхай Багародзіца, праслаўленая ў Жыровіцкай і Зарваніцкай іконах, будзе нябеснай апякункай нашага супрацоўніцтва. Асабліва даручаем гэтае супрацоўніцтва пакрову Будслаўскай іконы Багародзіцы ў 400-годдзе яе прыбыцця ў гэтае святое месца, а таксама святамучаніку Язафату, арцыбіскупу Полацкаму, у 390-годдзе яго мучаніцтва за еднасць Цэркваў. А святыя Кірыла і Мятод, асветнікі славянаў, у 1150-годдзе пачатку іхняй славянскай місіі няхай благаслаўляюць усе пачынанні нашых Цэркваў у справе новай евангелізацыі ўкраінцаў і беларусаў – членаў і ўдзельнікаў еўрапейскай хрысціянскай супольнасці.

З хрысціянскім прывітаннем і выразамі братняй любові

+СВЯТАСЛАЎ (Шаўчук)

16.08.2013


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.