|  Адрас: вул. Металургічная (канцавы прыпынак аўтобусаў) г.п. Гатава Мінскі р–н Мінская вобл. Рэспубліка Беларусь 223017 Для карэспандэнцыі: п/а Гатава, п/с 103 223017 ГатаваxРасклад набажэнстваў (магчымы змены)    Св. Імша ў нядзелю — 08.00, 14.00 (для дзяцей і моладзі)Св. Імша ў святы і ўрачыстасці (якія не прыпадаюць на нядзелю) — 20.30Св. Імша ў будні — 20.30 (аўторак, пятніца)кожны першы аўторак месяца, 18.00 - св. Імша перад фігурай св. Міхала 
Арханёла аб вызваленні ад залежнасцяў, духоўным і фізічным аздараўленні і
 навяртанні. Пасля Імшы - спецыяльнае набажэнства пры Найсвяцейшым 
Сакрамэнце, затым накладанне шкаплераў св. Міхала Арханёла (шкаплеры і 
іншае можна набыць у парафіяльнай краме). 
Кожны дзень у 20.00 набажэнства да св. Міхала Арханёла
 Адпусты: 29 верасня — св. Міхала Арханёла
 
 в З гісторыі парафіі
 Рыма-каталіцкая парафія ў Гатаве была зарэгістравана 15 лістапада 2004 года, а першым пробашчам стаў кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA, які ў той час ужо быў пробашчам парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску (Лошыца). Менавіта гэты святар разам з Эвілінай Мікульскай з самага пачатку шукаў католікаў у Гатаве і суседніх мясцовасцях, каб сабраць групу, патрэбную для рэгістрацыі новай парафіяльнай супольнасці.
 
 Пазней, праз некалькі месяцаў, кс. Генадзь рэгулярна прыязджаў і цэлебраваў Імшу ў прыватных дамах парафіі. Па просьбе кс. Генадзя кардынал Казімір Свёнтэк падтрымаў ініцыятыву прысваення парафіі тытула Св. Міхала Арханёла, апекуна Беларусі i айцоў міхалітаў.
 
 У лютым 2005 года ў парафію прыбыў новы пробашч — кс. Артур Папроцкі. З вялікай адданасцю і дынамізмам ён прыступіў да актывізацыі і паглыблення веры ў парафіяльнай супольнасці. Для малітвы на Імшы і набажэнствах святар знайшоў пляцоўку на месцы былой кавярні. Як пісаў у 2005 годзе штоквартальнік «Супольнасць»: «У гэтым годзе восем чалавек прыступіла да першай споведзі і святой Камуніі, а дзесяць асобаў прынялі сакрамэнт канфірмацыі. Двое дзяцей былі далучаны да супольнасці Касцёла праз сакрамэнт хросту, а ў першы дзень 2006 года ў парафіі адбыўся першы шлюб. Акрамя таго ў парафіі ўжо ёсць шэсць міністрантаў, а таксама створаны дзве ружы жывога Ружанца. Гэта тыя справы, якія цешаць і мабілізуюць да працы». У 2006 годзе быў зроблены праект новага касцёла і пастаральнага цэнтра для дзяцей і моладзі.
 
 Ксёндз Артур Папроцкі быў пробашчам парафіі да канца 2008 года. Наступныя некалькі месяцаў з душпастырскім служэннем у парафію прыязжалі кс. Генадзь Кухарэвіч і кс. Андрэй Кароль. У той час удалося прыдбаць ва ўласнасць зямлю пад будову касцёла і набыць «вагончык», які пасля рэмонту стаў першай капліцай.
 
 4 красавіка 2009 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш 
Кандрусевіч асвяціў часовую капліцу, крыж і зямельны надзел пад 
будаўніцтва новага касцёла.
    Праект новага касцёла У маі 2009 года пробашчам парафіі быў прызначаны кс. Антоні Обжут. Шмат часу ён прысвячаў рэкалекцыям, а таксама місіям. Паступова былі сабраны сродкі на будучае будаўніцтва святыні. Дзякуючы намаганням кс. Антонія і падтрымцы кангрэгацыі міхалітаў, восенню 2009 года былі забіты сваі пад будаўніцтва касцёла, а праз год залілі фундамент у будучай святыні. 
 На жаль, на працягу двух гадоў кс. Антоні перажыў дзве аўтамабільныя аварыі і быў паралізаваны. У 2011 годзе ён вярнуўся ў Польшчу.
 
 У кастрычніку 2011 года пробашчам парафіі стаў кс. Кшыштаф Пасвята. 2 студзеня 2012 года распачаліся будаўнічыя працы Пастаральнага цэнтра, якія працягваюцца і сёння. Ужо сёння ў Цэнтры праходзяць катэхетычныя лекцыі. Мы верым, што зусім хутка сваю дзейнасць распачне араторый для дзяцей і моладзі.
 
 29 верасня 2013 года Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў першую Імшу ў новай капліцы ў Пастаральным цэнтры і асвяціў фігуру св. Міхала Арханёла, арыгінал якой сёння знаходзіцца на гары Гаргано ў Італіі, у найстарэйшым санктуарыі ў гонар св. Міхала Арханёла.
 
 У верасні 2014 года ў парафію прыбылі дзве законныя сястры з супольнасці Слуг Маці Добрага Пастыра, вядомыя як «пастэжанкі», — с. Мар’яна і с. Ганна.
 Гісторыя парафіі — гэта перш за ўсё гісторыя людскіх душ. Сёння ў першую чаргу мы дзякуем Пану Богу за кожнае ахрышчанае ў парафіі дзіця, за кожнага, хто прыступіў да Камуніі і атрымаў сакрамэнт канфірмацыі, за кожную пару, якая вянчалася тут.
 Аднойчы мы скончым будаўніцтва сапраўднай святыні ў імя св. Міхала Арханёла. Гэтую мару аддаём у рукі Богу праз рукі нашай улюбёнай Маці, Каралевы Анёлаў, і заступніка парафіі св. Міхала.
 Падрыхтавала Марыя Бандарчук |