2011 год у Апостальскай Сталіцы |
Дзяржава Ватыкан |
29.12.2011 14:59 |
На заканчэнне года прапануем падсумаванне дзейнасці Апостальскай Сталіцы ў 2011 годзе. Сярод асноўных падзей — утварэнне першага ардынарыяту для былых англіканаў, цэлебрацыя Бэнэдыктам XVI урачыстасцяў з нагоды беатыфікацыі Яна Паўла ІІ, 150-годдзе «L’Osservatore Romano», Міжрэлігійная сустрэча ў Асізі, шматлікія папскія візіты і г.д. 15 студзеня — утварэнне першага ардынарыяту для былых англіканаў. Ім стаў Персанальны ардынарыят Маці Божай з Уолсінгема на тэрыторыіі Англіі і Уэльса. Увайшлі ў яго англіканскае духавенства і вернікі, якія пажадалі поўнай лучнасці з Каталіцкім Касцёлам. Першыя сярод іх — былыя англіканскія біскупы Джон Броўдхарст, Эндру Барнхэм, Кейт Ньютан, якія да афіцыйнага прыняцця ў Касцёл з’яўляліся суфраганамі груп вернікаў, нязгодных са святарскім пасвячэннем жанчын. 1 студзеня 2012 г. падобная структура павінна з’явіцца ў ЗША. Разглядаецца ўстанаўленне такіх структур у Аўстрыі, Канадзе. 5 лютага — Бэнэдыкт XVI удзяліў біскупскую сакру групе сваіх супрацоўнікаў: тром з Рымскай Курыі і двум Апостальскім нунцыям. У дадзеным Пантыфікаце гэта вялікая рэдкасць. Да гэтага Бэнэдыкт XVI ўдзяляў біскупскае пасвячэнне толькі два разы — у 2007 і 2009 гг. Чарговая сакра запланавана на 6 студзеня 2012 г. Яшчэ як кардынал, Ёзаф Ратцынгер удзяліў біскупскую сакру толькі чатыром асобам — у 1984, 2002, 2003 і 2004 гг. 4 сакавіка — «Lineamenta» на тэму новай евангелізацыі. Абвешчаны падрыхтоўчы дакумент да XIII Звычайнага сходу Сіноду Біскупаў. Форум будзе праходзіць 7–28 кастрычніка 2012 г. пад дэвізам «Новая евангелізацыя для перадавання хрысціянскай веры». 10 сакавіка — выйшаў другі том кнігі Бэнэдыкта XVI «Езус з Назарэта». Выдадзена 1,2 мільёны экзэмпляраў на сямі мовах свету. Трэці том будзе прысвечаны дзяцінству Езуса. 27 сакавіка — Папа з Нямеччыны на месцы гітлераўскага злачынства (Фоссэ Ардэатынэ ў Рыме), дзе былі закатаваны 335 жыхароў Італіі, сярод якіх 75 яўрэяў. Усе яны пацярпелі за ўдзел у партызанскім руху на тэрыторыі Рыма. 1 красавіка — ў Апостальскай Сталіцы пачаў дзейнічаць закон, накіраваны на барацьбу з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму. 14 красавіка — на заканчэнне працы Камісіі па справах Касцёла ў Кітаі ў Рыме было апублікавана пасланне да кітайскіх католікаў. «Падчас працы Камісіі па справах Касцёла ў Кітаі крытычныя сітуацыі і факты былі вельмі ясна апісаны і ім была дадзена адзнака ў святле навучання Касцёла», — гаворыцца ў пасланні. Да такіх фактаў адносяцца: «нелегітымнае пасвячэнне біскупаў і іх дзейнасць; неабходнасць аднаўлення вернасці Папу і лячэнне адкрытых ран на целе касцёльнай супольнасці, выкліканых супрацьстаяннем». 1 мая — беатыфікацыя Яна Паўла ІІ. Урачыстая літургія адбылася на плошчы Св. Пятра ў Ватыкане ў Нядзелю Божай Міласэрнасці. У Рыме ў той дзень сабралася 1,5 мільёны людзей. Цырымонію ўзначаліў папа Бэнэдыкт XVI. У беатыфікацыйных урачыстасцях прынялі ўдзел таксама душпастыры і вернікі з Беларусі. 1 мая ў 16.00 усе беларускія пілігрымы сабраліся на літургіі ў рымскай базыліцы Санта Марыя Маджорэ. Набажэнства для іх узначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. 7–8 мая — Бэнэдыкт XVI у Аквіле і Венецыі. Візіт прайшоў пад дэвізам «Умацуй нашу веру», а нагодай для падарожжа стала падрыхтоўка да ІІ Рэгіянальнага касцёльнага з’езду (паўночная Італія), які адбудзецца ў красавіку 2012 года, а таксама адкрыццё адноўленай бібліятэкі «Марцыянум» у Венецыі. 13 мая — у Прэс-службе Апостальскай Сталіцы прадстаўлены дакумент адносна больш шырокага выкарыстання традыцыйнай лацінскай Імшы. Агульная інструкцыя Папскай Камісіі «Ecclesia Dei» ўтрымлівае юрыдычныя і літургічныя заўвагі аб цэлебрацыі св. Імшы згодна з Імшалам, зацверджаным у 1962 г. папам Янам ХХІІІ, вядомай як трыдэнцкая літургія. 16 мая — апублікаваны ліст Кангрэгацыі Веравучэння да епіскапатаў аб дзейнасці ў выпадках раскрыцця злачынстваў, звязаных з сeксуальным выкарыстаннем непаўналетніх духоўнымі асобамі. 17–27 мая — пасяджэнне Міжнароднай англіканска-каталіцкай камісіі (ARCIC). Форум азнаменаваў распачацце трэцяй фазы каталіцка-англіканскага дыялога. Задача дадзенага этапу — вырашэнне фундаментальных пытанняў, якія датычаць «Касцёла як камуніі — лакальнага і паўсюднага», а таксама таго, «як у камуніі Касцёл лакальны і паўсюдны дасягае распазнавання этычнага вучэння». 21 мая — размова Святога Айца з касманаўтамі. Бэнэдыкт XVI стаў першым Пантыфікам у гісторыі, які злучыўся праз тэлемост з астанаўтамі, прабываючымі на Міжнароднай касмічнай станцыі. Размова працягвалася амаль 20 хвілін. 29 чэрвеня — новы ватыканскі мультымедыйны партал news.va сабраў матэрыялы з розных СМІ Апостальскай Сталіцы адносна дзейнасці і навучання Папы, тэкстаў, абвешчаных ватыканскімі ведамствамі, а таксама найважнейшых падзей у жыцці паўсюднага Касцёла. 29 чэрвеня — 60-годдзе святарства Бэнэдыкта XVI. З нагоды гэтага юбілею па ініцыятыве Кангрэгацыі па справах Духавенства ва ўсім свеце адбывалася 60-гадзінная адарацыя ў інтэнцыі Святога Айца, душпастыраў і новых пакліканняў да святарскага служэння. 1 ліпеня — 150-годдзе ватыканскага выдання «L’Osservatore Romano». Штодзённік выходзіць на італьянскай мове. Адзін раз на тыдзень выданне выходзіць на французскай, італьянскай, англійскай, іспанскай, партугальскай, нямецкай мовах і на мове малаялам. З 1980 г. раз у месяц выданне выходзіць на польскай мове. 27 ліпеня — Апостальская Сталіца і Малайзія ўстанавілі дыпламатычныя адносіны. Малайзія стала 179 краінай, якая ўстанавіла дыпламатычныя адносіны са Святым Пасадам. У Малайзіі пражывае каля 28,5 мільёнаў чалавек, большасць з якіх з’яўляецца вызнаўцамі іслама (каля 60%). Акрамя таго, у гэтай краіне пражываюць будысты, індуісты, вызнаўцы народных кітайскіх вераванняў і анімісты. Хрысціяне займаюць трэцяе па колькасці месца сярод жыхароў Малайзіі і складаюць каля 9% насельніцтва. 11 верасня — Папа ў Анконе. Працягваючы традыцыю, якую пачаў у 1977 г. папа Павел VI, Бэнэдыкт XVI накіраваўся ў Анкону, дзе прыняў удзел у заключнай частцы італьянскага нацыянальнага Эўхарыстычнага кангрэса. 24-е падарожжа Святога Айца па Італіі супадала з 10-й гадавінай тэрактаў у ЗША. 14 верасня — складаныя размовы з лефэўрыстамі. Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння кардынал Уільям Левада ўручыў генеральнаму настаяцелю Брацтва св. Пія X біскупу Бэрнарду Фэлей «дагматычную прэамбулу». Апостальская Сталіца прызнала гэты дакумент неабходным для аднаўлення поўнага адзінства і ўключэння Брацтва ў структуры Касцёла. 9 кастрычніка — Святы Айцец Бэнэдыкт XVI наведаў з пастырскім візітам Калабрыю — дастаткова праблемны рэгіён Італіі. Важнейшай праблемай тут з’яўляецца ўплыў мафіі і звязаная з гэтым карупцыя. 17 кастрычніка — Бэнэдыкт XVI абвясціў Год Веры. Распачнецца ён 11 кастрычніка 2012 г. у 50-ю гадавіну адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору і завершыцца 24 лістапада 2013 г., ва ўрачыстасць Хрыста Валадара. 23 кастрычніка — кананізацыя трох благаслаўлёных: Гвідо Марыі Конфорці, арцыбіскупа Пармы Луіджы Гуанэлла і сястры Баніфацыі Радрыгес дэ Кастро. 24 кастрычніка — Папскай радай «Iustitia et pax» было апублікавана спецыяльнае пасланне, прысвечанае праблемам сусветнага эканамічнага і фінансавага крызісу. Дакументам пад назвай «Для рэформы міжнароднай фінансавай сістэмы ў пэрспектыве публічнай улады з паўсюднымі кампетэнцыямі» папскае ведамства жадае дапамагчы прадстаўнікам розных формаў улады, а таксама ўсім людзям добрай волі адказаць на выклік крызісу. Акрамя таго, звяртаецца ўвага на неабходнасць стварэння новага наднацыянальнага органа палітычнай улады. 27 кастрычніка — Міжрэлігійная сустрэча ў Асізі пад дэвізам «Пілігрымы ісціны, пілігрымы міру». Форум адбываўся ў 25-ю гадавіну пасля першай вялікай сустрэчы ў Асізі, ініцыятарам якой быў бл. Ян Павел ІІ. У сустрэчы прынялі ўдзел дэлегацыі і прадстаўнікі шматлікіх рэлігій свету. Рускую Праваслаўную Царкву прадстаўляў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт. 19 лістапада — перадача біскупам Афрыкі паслясінадальнай апостальскай адгартацыі «Africae munus». Бэнэдыкт XVI падпісаў яе падчас візіту ў Бенін. Адгартацыя складаецца з дзвюх частак. У першай абмяркоўваюцца асноўныя напрамкі евангелізацыйнай місіі Касцёла ў Афрыцы, якому перш за ўсё патрэбны прымірэнне, справядлівасць і мір. У другой частцы дакумента звяртаецца ўвага на апостальскую дзейнасць Касцёла, асабліва ў галіне адукацыі, аховы здароўя і СМІ. 22 снежня — калядная сустрэча Бэнэдыкта XVI з супрацоўнікамі Рымскай Курыі. Пантыфік нагадаў пра асноўныя падзеі з жыцця Касцёла ў гэтым годзе і падзякаваў прысутным за адданую працу. |