Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
2011 год у жыцці Каталіцкага Касцёла ў свеце
29.12.2011 15:00

Многія значныя падзеі адбыліся ў Касцёле ва ўсім свеце на працягу 2011 года. Сярод іх візіты Святога Айца ў розныя краіны, сустрэчы і канферэнцыі. Прапануем вашай увазе пералік гэтых падзей.

1 студзеня на поўначы Егіпта адбыўся выбух каля копцкага храма ў Александрыі. У выніку загінулі 23 чалавекі, а каля 100 былі паранены. Замах выклікаў хвалю пратэстаў егіпецкіх хрысціянаў. 3 студзеня ў некалькіх гарадах краіны адбыліся масавыя дэманстрацыі супраць пераследу і дыскрымінацыі вызнаўцаў Хрыста.

2 студзеня ў Мадрыдзе (Іспанія) цэлебравалася ўрачыстая святая Імша, у якой па запрашэнні арцыбіскупа Мадрыдскага ўдзельнічалі паўмільёна сем’яў з дзецьмі. Мерапрыемства праходзіла пад дэвізам «Хрысціянская сям’я — надзея для Еўропы». Літургія адбывалася ў межах акцыі абароны хрысціянскай сям’і.

9–13 студзеня біскупы з Еўропы і Амерыкі прабывалі з візітам у Святой Зямлі. На заканчэнне візіту было апублікавана пасланне, у якім іерархі выказаліся за адмену абмежаванняў на знаходжанне духавенства ў Святой Зямлі і ўсталяванне справядлівага міру на гэтай тэрыторыі. Візіт стаў 11-й пілігрымкай прадстаўнікоў епіскапатаў у гэтую мясцовасць.

11 лютага Прэзідэнт Егіпта Хосні Мубарак падаў у адстаўку. Перад гэтым у Паўночнай Афрыцы распачалася «вясна народаў» і прайшлі масавыя дэманстрацыі. Сярод пратэстуючых былі не толькі арабскія мусульмане, але таксама хрысціяне-копты. Гэта выклікала надзею на пазітыўны ўплыў арабскай «вясны народаў» як на ісламска-хрысціянскія адносіны, так і на паляпшэнне становішча хрысціянаў ва ўсёй Паўночнай Афрыцы.

20 лютага міністры замежных спраў дзяржаў Еўрасаюза ўпершыню ў гісторыі рашуча асудзілі «насілле і акты тэрарызму», якія адбыліся апошнім часам у розных краінах «супраць хрысціянаў і іх месцаў культу, мусульманскіх пілігрымаў і іншых рэлігійных супольнасцяў».

2 сакавіка ў Ісламабадзе (Пакістан) быў забіты міністр па справах меншасцяў Шабаз Бхацці, па веравызнанні хрысціянін. Ён быў праціўнікам «закону аб блюзнерстве», які дзейнічае ў краіне і прадпісвае жорсткія пакаранні за абразу пачуццяў мусульманскай большасці. Спачуванні з нагоды смерці міністра даслаў папа Бэнэдыкт XVI.

11 сакавіка ў Японіі адбыўся землятрус і цунамі, у дапамогу ахвярам якіх уключыўся ўвесь свет. Папа запэўніў у «духоўнай блізкасці да дарагіх жыхароў Японіі, якія годна і мужна сустрэліся з няшчасцем». Дапамогу жыхарам краіны прынесла таксама Папская рада «Cor Unum» і «Caritas Internationalis».

24–25 сакавіка ў Парыжы ўпершыню адбыўся «Двор язычнікаў». Мэтай мерапрыемства, ініцыятарам якога стаў Святы Айцец, было ўсталяванне дыялога веруючых з атэістамі, агностыкамі і абыякавымі да рэлігіі. Сустрэчу правёў старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранко Равазі. На заканчэнне адбыўся канцэрт на плошчы перад катэдрай Нотр-Дам з удзелам моладзі, да якой па тэлебімах звярнуўся Папа.

18–24 красавіка ў Вялікабрытаніі ў поўную еднасць з Касцёлам увайшлі каля тысячы англіканаў. Абрады, звязаныя з гэтым, адбыліся ў абедзвюх частках краіны.

У маі ва ўсім свеце прайшлі святыя Імшы падзякі, малітоўныя чуванні, канцэрты, выстаўкі, прысвечаныя папу Яну Паўлу ІІ. 1 мая Бэнэдыкт XVI абвясціў свайго папярэдніка благаслаўлёным.

4–5 чэрвеня Бэнэдыкт XVI наведаў Харватыю. У ходзе пілігрымкі Папа заклікаў да ўмацавання сям’і, аб першынстве сумлення ў грамадскім жыцці і аб падтрымцы для ўваходжання Харватыі ў Еўрасаюз. У святой Імшы ў Загрэбе прынялі ўдзел 400 тысяч чалавек. Галоўным матывам папскага візіту быў І Нацыянальны сход харвацкіх каталіцкіх сем’яў. Таксама ў ходзе візіту Пантыфік памаліўся ля саркафага мучаніка часоў сацыялізму бл. Алаізія Стэпінаца, арцыбіскупа харвацкай сталіцы ў 1937–1960 гг.

19–21 чэрвеня ў Вільнюсе (Літва) прайшло пасяджэнне кіраўнікоў епіскапатаў краін Еўропы. Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі, што новая евангелізацыя азначае аднаўленне, што вынікае з Добрай Навіны Езуса Хрыста. Яна здзяйсняецца ўжо зараз і павінна быць абвешчана свету, праяўляецца штодзень у малітве і справах міласэрнасці, у сям’і і на працы.

У ліпені Касцёл распачаў акцыю дапамогі пакутуючым ад голаду ва Усходняй Афрыцы. Найбольш драматычная сітуацыя склалася ў Самалі, а таксама ў Эфіопіі, Эрытрэі, Кеніі. Да падтрымкі галадаючым заклікаў міжнародную супольнасць Святы Айцец.

16–21 жніўня ў Мадрыдзе (Іспанія) адбыўся XXVI Сусветны дзень моладзі пад дэвізам «Укаранёныя і збудаваныя на Хрысце, моцныя ў веры». У мерапрыемствах прыняў удзел Бэнэдыкт XVI. Імшу на плошчы Сібэле з удзелам 100 тысяч маладых вернікаў з усяго свету цэлебраваў арцыбіскуп Мадрыда кардынал Антоніо Варэла. У ходзе візіту Папы адбыліся таксама сустрэчы з каралём Іспаніі і яго сям’ёй, з прадстаўнікамі ўраду, з законнымі асобамі і з маладымі ўніверсітэцкімі выкладчыкамі.

22–28 жніўня
ў Рыміні (Італія) адбыўся традыцыйны Мітынг любові народаў, арганізаваны рухам «Comunione e Liberazione».

3 верасня ў Рыме памёр блізкі сябар папы Яна Паўла ІІ польскі кардынал Анджэй Марыя Дэскур. Пахавальная цырымонія адбылася 12 верасня ў Кракаве (Лагеўніках).

22–25 верасня
Святы Айцец прабываў з апостальскім візітам у Германіі. Візіт пад дэвізам «Там, дзе ёсць Бог, ёсць будучыня» стаў трэцяй паездкай Папы на сваю радзіму і першай афіцыйнай. Пантыфік наведаў Берлін, Эрфурт і Фрайбург. У Эрфурце адбылося экуменічнае набажэнства з удзелам 300 чалавек, сярод якіх былі Прэзідэнт і канцлер Германіі. Важнейшым пунктам паездкі была святая Імша ў Фрайбургу з удзелам 100 тысяч вернікаў.

29 верасня–2 кастрычніка
ў Тыране (Албанія) адбылося пленарнае пасяджэнне Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССЕЕ) на тэму новай евангелізацыі. У час пасяджэння было абрана таксама кіраўніцтва ССЕЕ на 2011–2016 гг. Старшынёй рады застаўся венгерскі кардынал Петэр Эрдо.

27 кастрычніка ў Асізі (Італія) па ініцыятыве Святога Айца адбыўся Дзень разважання, дыялога і малітвы аб міры і справядлівасці ў свеце. Па запрашэнні Папы на мерапрыемства прыбылі 300 дэлегатаў з 31 хрысціянскай Царквы і прадстаўнікі 12 рэлігій свету. Сустрэча праходзіла ў 25-ю гадавіну падобнага мерапрыемства ў 1986 г. з удзелам Яна Паўла ІІ, калі ўпершыню ў гісторыі кіраўнікі Цэркваў і рэлігій свету маліліся аб міры.

18–20 лістапада Бэнэдыкт XVI наведаў Бенін. Візіт Папы ў гэтую заходнеафрыканскую краіну адбыўся з нагоды 150-годдзя яе евангелізацыі і ў сувязі з абвяшчэннем адгартацыі «Africae minus» пасля ІІ Спецыяльнага пасяджэння Сіноду Біскупаў для Афрыкі ў 2009 г. Галоўным пунктам візіту стала ўрачыстая Імша з удзелам каля 80 тысяч вернікаў у Катоне, якую разам з Папам канцэлебравалі каля 200 біскупаў з усёй Афрыкі. На заканчэнне літургіі Пантыфік уручыў экзэмпляры адгартацыі 35 прадстаўнікам епіскапатаў і 7 старшыням рэгіянальных канферэнцый біскупаў гэтага кантынента.

28 лістапада–9 снежня ў Дурбане адбылася Канферэнцыя бакоў Канвенцыі ААН аб зменах клімату. Дэлегацыю Ватыкана ўзначаліў кіраўнік «Caritas Internationalis» кардынал Оскар Марадзьяга з Гандураса. На заканчэнне канферэнцыі быў прыняты шэраг рашэнняў для новай сустрэчы ў 2015 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.