Ян, Пій, Францішак: з гісторыі імёнаў Наступнікаў св. Пятра |
Дзяржава Ватыкан |
15.03.2013 15:12 |
Па традыцыі, новае імя адрозніваецца ад таго, што кардынал атрымаў пры хросце. Руская служба Ватыканскага радыё адзначае, што дадзеная традыцыя звязана з першым Папам — святым Пятром — чыё імя ад нараджэння было Сымон. Такім чынам, выбар новага імя сімвалізуе, што абранне главой Апостальскай Сталіцы з’яўляецца нібы другім нараджэннем. У прыватнасці, у першыя стагоддзі Касцёла многія Папы на пачатку Пантыфікатаў вырашалі адмовіцца ад сваіх язычніцкіх імёнаў на карысць хрысціянскіх. Аднак не ўсе Папы прытрымліваліся гэтай традыцыі: з 266 Пап толькі 129 выбалі сабе новае імя. Гэты звычай стаў практыкавацца з 955 года пры папе Яне XII і працягваецца па сённяшні дзень (за выключэннем папы Адрыяна VI (1522–1523 гг.) і Марцэла ІІ (1555 г.)). Цікава, што для некаторых Пап новае імя было трэцім у іх жыцці. Такое здаралася, калі яны належалі да манаскіх таварыстваў. Так было, напрыклад, з Рыгорам XVI (1831–1846 гг.), які пры хросце атрымаў імя Барталамей, а пасля ўступлення ў ордэн камальдулаў стаў Маўрам. Першым Папам, які ў 1978 г. узяў падвойнае імя, стаў Альбіна Лучыяні — Ян Павел І, каб падкрэсліць пераемнасць з двума папярэднімі Пантыфікамі. У гісторыі Папства часцей выкарыстоўвалася імя Ян, упершыню прынятае святым Папам мучанікам Янам І. Сярод частых імён таксама Рыгор і Бэнэдыкт. Неаднаразова выкарыстоўваліся імёны Клімент, Інакенцій, Леў і Пій. Праўда, пакуль што ў спісе імён Рымскіх Пап не сустракаюцца такія біблейскія імёны, як Юзаф, Якаў, Андрэй, Лука. Ніхто таксама не браў імя Пётр. (SZh) |