Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гістарычнае падарожжа па летняй папскай рэзідэнцыі
Святы Айцец
03.09.2012 14:49

Будаўніцтва папскага палацу ў Кастэль Гандольфа было распачата ў 1628 годзе па распараджэнні папы Урбана VIII. Палац уяўляе сабою комплекс з трох будынкаў, помнікаў архітэктуры, якія з цягам часу былі аб’яднаны і ўтварылі летнюю рэзідэнцыю Святога Айца. Віла і сады навокал яе сёння займаюць 55 гектараў, што на 11 гектараў больш, чым тэрыторыя Ватыкана.

Кастэль Гандольфа служыць месцам папскага адпачынку пачынаючы з XVII ст., калі на Святым Пасадзе знаходзіўся папа Урбан VIII. Пятнаццаць з апошніх 31 Пап таксама выкарыстоўвалі яго як сваю летнюю рэзідэнцыю. А вось, напрыклад, Пій ІХ і Пій ХІ не пакідалі Ватыкана з прычыны палітычных умоваў, што панавалі ў Італіі ў часы іх Пантыфікатаў.

У старажытнасці ў Кастэль Гандольфа знаходзілася асабістая віла рымскага кесара Даміцыяна, які жорстка пераследаваў хрысціянаў. Яго рэзідэнцыя займала тэрыторыю плошчай амаль 13 кв. км., а навокал яе быў пабудаваны амфітэатр.

Муры папскай летняй рэзідэнцыі апавядаюць і драматычныя падзеі з гісторыі. Мала хто памятае, што калі ў Анцыё (Італія) высадзіліся войскі саюзнікаў (Другая сусветная вайна), папская рэзідэнцыя стала прытулкам для амаль 10 тысяч асоб. Тады тут нарадзілася 50 дзяцей. Усе яны прыйшлі на свет у папскім пакоі, які быў ператвораны ў радзільню.

За час Пантыфікату Яна Паўла ІІ летняя рэзідэнцыя стала чымсьці большым, чым месцам кароткага адпачынку Папы. Гэта была напоўненая жыццём ааза сустрэч з вернікамі, навуковых сустрэч і творчай працы.

На тэрыторыі папскай рэзідэнцыі таксама размясцілася невялікая гаспадарка. Тут трымаюць кароў, кур, ёсць гародніна, аліўкавыя дрэвы.

Паводле партала credo-ua.org


 


 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.