Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Misericordia et misera: апублікаваны Апостальскі ліст Папы Рымскага на заканчэнне Святога Году
Дзяржава Ватыкан
22.11.2016 09:30

Апостальскі ліст Пантыфіка Misericordia et misera быў апублікаваны і прадстаўлены ў Ватыкане 21 лістапада на заканчэнне Надзвычайнага Юбілейнага Года.

Сваім дакументам Святы Айцец зацвердзіў некалькі новаўвядзенняў, якія тычацца дазволу святарам адпускаць грэх аборту, сапраўднасці прабачэння грахоў, удзеленага святарамі з Брацтва св. Пія Х, дзейнасці Місіянераў міласэрнасці і ўстанаўлення Сусветнага дня бедных.

Пантыфік падкрэсліў, што «міласэрнасць — гэта канкрэтная праява любові, якая, прабачаючы, ператварае і змяняе жыццё», напаўняе радасцю, што фундаментальна важна ў кантэксце павелічэння розных форм смутку, самотнасці і роспачы ў свеце.

Святы Айцец нагадаў, што міласэрнасць займае цэнтральнае месца ў літургіі і Божым слове. Папа заклікаў каталіцкія супольнасці адну нядзелю на працягу літургічнага года прысвячаць ініцыятывам, прысвечаным паглыбленню знаёмства са Святым Пісаннем і яго распаўсюджванню.

Пра святароў і падрыхтоўку да гамілій

Папа заклікаў святароў добра рыхтавацца да гамілій, якія іграюць важную ролю ў разуменні Божага слова вернікамі. «Прапаведванне будзе плённым у залежнасці ад таго, наколькі святар адчуў на сябе міласэрную дабрыню Пана», — дадаў Пантыфік.

Пра споведзь

Паводле Святога Айца, «сакрамэнт пакаяння павінен заняць цэнтральнае месца ў хрысціянскім жыцці». У гэтым кантэксце спаведнікам важна быць «адкрытымі на ўсіх, быць сведкамі бацькоўскай пяшчоты, нягледзячы на цяжар граху, дбайнымі ў дапамозе разважанню аб учыненым зле, яснымі ў прадстаўленні маральных прынцыпаў, гатовымі суправаджаць вернікаў на пакаяльным шляху, з цярплівасцю падтрымліваючы іх крокі, дальнабачнымі ў праніклівасці адносна кожнага канкрэтнага выпадку, шчодрымі ў адарэнні Божым прабачэннем».

Папа заклікаў Місіянераў міласэрнасці — святароў з розных дыяцэзій у свеце, якім было даручана быць прывілеяванымі сведкамі Божай міласэрнасці на працягу Юбілею — працягваць сваё служэнне. Папскай радай па новай евангелізацыі будуць распрацаваны адмысловыя напрамкі іх дзейнасці.

Да пытання адпушчэння граху аборту

Пра брацтва св. Пія Х

Папа Францішак таксама пакінуў дзейсным сваё «юбілейнае» распараджэнне адносна вернікаў, якія па розных прычынах выбіраюць касцёлы, дзе служаць святары з Брацтва св. Пія Х, якіх называюць лефебрыстамі. Пантыфік пастанавіў, што вернікі, якія прыступаюць да сакрамэнту пакаяння ў святароў гэтай супольнасці, могуць і надалей атрымліваць сапраўднае і годнае адпушчэнне грахоў. Такая магчымасць будзе існаваць да прыняцця іншых рашэнняў адносна гэтага пытання.

Да пытання сем'яў

Гаворачы пра сітуацыю сем’яў, Папа заклікаў «глядзець на ўсе чалавечыя цяжкасці з пазіцыі любові Бога, які не стамляецца прымаць і суправаджаць».

Ад святароў у дадзеным кантэксце патрабуецца «ўважлівае, глыбокае і дальнабачнае духоўнае разважанне, каб усе, незалежна ад іх жыццёвай сітуацыі, маглі адчуць сябе канкрэтным чынам прынятымі Богам, актыўна ўдзельнічаць у жыцці супольнасці і быць уключанымі» ў Божы народ.

Святы Айцец заклікаў працягваць атуляць асаблівай увагай найбольш патрабуючых. У сувязі з гэтым Пантыфік абвясціў аб устанаўленні Сусветнага дня бедных, які будзе адзначацца кожную ХХХІІІ Звычайную нядзелю літургічнага года ў якасці падрыхтоўкі да ўрачыстасці Хрыста Валадара Сусвету.

Напрыканцы Апостальскага ліста Папа Францішак заклікаў «вызваліць месца для міласэрнай фантазіі», якая праз простасць маленькіх штодзённых жэстаў можа «даць пачатак сапраўднай культурнай рэвалюцыі» ва ўсім свеце.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.