Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак пакінуў за кожным святаром права адпускаць грэх аборту
Слова Папы
22.11.2016 09:17

Пантыфік пакінуў за кожным святаром права адпускаць грэх аборту асобам, якія ўчынілі яго і просяць аб прабачэнні. Пра гэта гаворыцца ў Апостальскім лісце Папы Misericordia et misera.

Апостальскі ліст быў апублікаваны і прадстаўлены ў Ватыкане 21 лістапада на заканчэнне Надзвычайнага Юбілейнага Года.

Сваім дакументам Святы Айцец зацвердзіў некалькі новаўвядзенняў, якія тычацца дазволу святарам адпускаць грэх аборту, сапраўднасці прабачэння грахоў, удзеленага святарамі з Брацтва св. Пія Х, дзейнасці Місіянераў міласэрнасці і ўстанаўлення Сусветнага дня бедных.

Згодна з дакументам Папа Францішак пакідае кожнаму святару права адпускаць грэх аборту і надалей. Гэты выключны прывілей кожны святар меў на працягу Года Міласэрнасці.

Да гэтага адпушчэнне граху аборту знаходзілася ў кампетэнцыі біскупаў ці спецыяльна ўпаўнаважаных імі святароў.

Папа Францішак падкрэсліў, што «аборт — гэта цяжкі грэх, бо кладзе канец нявіннаму жыццю», але «не існуе такога граху, якога Божая міласэрнасць не можа дасягнуць і знішчыць, калі знаходзіць сэрца, якое каецца і просіць аб прымірэнні з Нябесным Айцом».
Паводле Папы, «не існуе закону ці прычыны, здольнай перашкодзіць Богу абняць свайго сына, якія вяртаецца да Яго, прызнаўшы, што памыліўся, і з рашучай гатоўнасцю пачаць з чыстага ліста».

«Спыняцца толькі на законе — значыць рабіць бескарыснай веру і Божую міласэрнасць».

«Нават у самых складаных выпадках, дзе існуе спакуса паставіць на першае месца справядлівасць, якая грунтуецца выключна на нормах, трэба верыць у сілу, што паходзіць ад Божай ласкі», — лічыць Папа Францішак.

Пантыфік перакананы, што ніхто «не можа ставіць умоваў для міласэрнасці», якая «заўсёды застаецца актам бескарыслівасці Нябеснага Айца, безумоўнай і незаслужанай любоўю».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.