Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI падчас Імшы Пальмовай нядзелі: Езус вядзе нас да жыцця
Святы Айцец
29.03.2010 13:01

28 сакавіка 2010 г. у Апостальскай Сталіцы Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узначаліў святую Імшу Пальмовай нядзелі і ўрачыстасць XXV Сусветнага дня моладзі. Падчас літургіі Пантыфік благаславіў галінкі, якія трымалі ў руках вернікі, і рушыў у адкрытым аўтамабілі ў працэсіі да алтара, усталяванага перад ватыканскай базылікай.

У гаміліі, звяртаючыся найперш да моладзі, Папа адзначыў, што «быць хрысціянамі — гэта значыць лічыць шлях Хрыста сваім уласным шляхам да таго, каб быць людзьмі, шляхам, які вядзе да мэты, да чалавечнасці, рэалізаванай цалкам і аўтэнтычна».

«Сённяшняе Евангелле гаворыць аб сапраўднай вышыні, дзе мы можам стаць людзьмі. Чалавек можа выбраць выгадны шлях і пазбягаць усялякай працы. Можа нават сысці на самы ніз, — заўважыў Святы Айцец. — Езус вядзе нас да таго, што з’яўляецца вялікім, чыстым, вядзе нас да жыцця, згоднага з праўдай… да цярплівасці, якая зносіць і падтрымлівае іншага». Па словах Папы, Хрыстус вядзе нас таксама да «дабрыні, якая не дае абяззброіць сябе нават перад несправядлівасцю», да любові, да Бога. Як дадаў Бэнэдыкт XVI, праз сакрамэнты мы дазваляем Пану «зноў і зноў браць нас на рукі, дазваляем Яму ачышчаць і ўзмацняць нас».

Папа адзначыў таксама вялікае значэнне крыжа. Па словах Пантыфіка, «у падзеях гэтага свету немагчыма дасягнуць вялікіх вынікаў без цяжкасцяў, і радасць, якая паходзіць з вялікага навуковага адкрыцця, звязана з дысцыплінай, з цяжкай навуковай працай, — і шлях да самога жыцця, да рэалізацыі ўласнай чалавечнасці, звязана з еднасцю з Тым, хто ўступіў на вышыню Бога праз крыж». «Крыж выяўляе тое, што азначае любоў: толькі той, хто страціць самога сябе, знойдзе сябе», — дадаў Святы Айцец.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.