Святы Айцец цэлебраваў у Ватыкане Імшу Вячэры Пана |
Святы Айцец |
02.04.2010 12:12 |
1 красавіка 2010 г., у Вялікі чацвер, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI цэлебраваў Імшу Вячэры Пана ў ватыканскай базыліцы святога Яна на Латэране. Падчас літургіі Папа здзейсніў абрад абмыцця ног 12 святарам, тым самым наследуючы жэст Хрыста падчас Апошняй Вячэры. У гаміліі Пантыфік заклікаў паразважаць аб тым, ці жывём мы ў камуніі з Богам або толькі для сябе, аддаляючыся такім чынам ад веры. Кожны чалавек, як адзначыў Бэнэдыкт XVI, хоча жыць і прагне жыцця праўдзівага, поўнага, годнага, такога, якое несла б яму радасць. Такое жыццё асацыіруецца з апорай, якая супрацьстаіць смерці, хоць смерці нельга пазбегнуць. Таму, па словах Папы, калі Езус кажа аб жыцці вечным, Ён мае на ўвазе не толькі жыццё пасля смерці, але і аўтэнтычнае жыццё, якое смерць не можа адабраць. «Ніхто не мае жыцця ад сябе самога і толькі для сябе, — падкрэсліў Святы Айцец. — Мы атрымліваем яго ад іншых, у адносінах з іншымі. Калі гэта адносіны ў праўдзе і любові, калі мы даём і атрымліваем, то жыццё становіцца поўным і прыгожым». Толькі адносіны з Тым, хто сам ёсць Жыццё, можа абараніць наша жыццё ад смерці. |