Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец цэлебраваў у Ватыкане Імшу Вячэры Пана
Святы Айцец
02.04.2010 12:12

1 красавіка 2010 г., у Вялікі чацвер, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI цэлебраваў Імшу Вячэры Пана ў ватыканскай базыліцы святога Яна на Латэране. Падчас літургіі Папа здзейсніў абрад абмыцця ног 12 святарам, тым самым наследуючы жэст Хрыста падчас Апошняй Вячэры. У гаміліі Пантыфік заклікаў паразважаць аб тым, ці жывём мы ў камуніі з Богам або толькі для сябе, аддаляючыся такім чынам ад веры.

Кожны чалавек, як адзначыў Бэнэдыкт XVI, хоча жыць і прагне жыцця праўдзівага, поўнага, годнага, такога, якое несла б яму радасць. Такое жыццё асацыіруецца з апорай, якая супрацьстаіць смерці, хоць смерці нельга пазбегнуць. Таму, па словах Папы, калі Езус кажа аб жыцці вечным, Ён мае на ўвазе не толькі жыццё пасля смерці, але і аўтэнтычнае жыццё, якое смерць не можа адабраць.

«Ніхто не мае жыцця ад сябе самога і толькі для сябе, — падкрэсліў Святы Айцец. — Мы атрымліваем яго ад іншых, у адносінах з іншымі. Калі гэта адносіны ў праўдзе і любові, калі мы даём і атрымліваем, то жыццё становіцца поўным і прыгожым». Толькі адносіны з Тым, хто сам ёсць Жыццё, можа абараніць наша жыццё ад смерці.

Як сцвердзіў Папа, пазнанне Бога — гэта жыццё вечнае, якое базуецца не на знешніх ведах, але на ўнутранай еднасці з Панам. «Таму слова Езуса становіцца запрашэннем для нас: станем сябрамі Езуса, будзем старацца ўсё лепш пазнаваць Яго!» — заклікаў вернікаў Пантыфік.

Бэнэдыкт XVI нагадаў, што ў сваім уцелаўлёным Сыне Бог аб’явіўся ўпоўні. З таго часу Бог як Чалавек, па словах Папы, блізкі нам, мы можам называць Яго па імені. Эўхарыстычная містэрыя, прысутнасць Пана ў постацях хлеба і віна з’яўляецца найбольшым сведчаннем гэтай новай прысутнасці Бога з намі.

Пантыфік заклікаў хрысціян правесці рахунак сумлення, разважаючы над тым, жывём мы ў камуніі з Богам або толькі для сябе, аддаляючыся такім чынам ад веры. «Калі мы разважаем над Мукай Пана, мы павінны адчуць боль Езуса ад таго, што супрацьстаім Яго малітве, што супраціўляемся Яго любові, еднасці, якая павінна быць для свету сведчаннем місіі Хрыста», — дадаў Папа.

Ахвяры, сабраныя падчас святой Імшы, будуць прызначаны для аднаўлення духоўнай семінарыі, знішчанай падчас землятрусу на Гаіці.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.