«L’Osservatore Romano»: італьянскі музыкант аб унёску Бэнэдыкта XVI у справу захавання прыгажосці музыкі |
Святы Айцец |
29.04.2010 13:35 |
На ўнёсак Святога Айца Бэнэдыкта XVI у клопат аб захаванні прыгажосці сакральнай музыкі звяртаецца ўвага ў чарговым нумары штотыднёвіка Апостальскай Сталіцы «L’Osservatore Romano». Знакаміты італьянскі дырыжор Рыкарда Муці апублікаваў у выданні свой уступ да зборніка прамоваў Ёзафа Ратцынгера, прысвечаных музыцы, які выйдзе ў свет у сярэдзіне мая 2010 г. Рыкарда Муці выказвае вялікую ўдзячнасць Пантыфіку за клопат аб прыгажосці музыкі і сакральным характары літургічных цэлебрацый. «Папа, які клапоціцца аб месцы для музыкі ў Касцёле і грамадстве, з’яўляецца вялікім дарам для чалавецтва і Касцёла на пачатку трэцяга тысячагоддзя», — сцвярджае італьянскі дырыжор. Музыкант нагадвае, што Бэнэдыкт XVI шматразова выказваў жаль з прычыны невысокай якасці папулярнай музыкі, а таксама музыкі і спеваў, якія выконваюцца ў святынях. На думку Рыкарда Муці, гэта вынікае з нізкага ўзроўню музычнай адукацыі і недахопу душпастырскага клопату аб стане музыкі ў каталіцкіх парафіях. Абапіраючыся на словы Папы, Рыкарда Муці ўказвае на неабходнасць звяртання большай увагі на музычную адукацыю. Італьянскі музыкант цытуе адну з найбольш вядомых прамоваў Бэнэдыкта XVI, у якой указваецца на тэалагічныя падставы сакральнай музыкі. «Калі Касцёл павінен перамяняць, выпраўляць, „гуманізаваць“ свет, то як ён можа гэтага дасягнуць, адмаўляючыся ад хараства, якое цалкам атаясамліваецца з любоўю і праўдай, а разам з імі — з сапраўдным суцяшэннем, найлепшым набліжэннем да свята змёртвыхпаўстання. Касцёл павінен быць амбітным, быць домам хараства, павінен змагацца за „адухаўленне“, без якога свет становіцца „першым кругам пекла“, — гаворыць у гэтай прамове Папа. — Трэба імкнуцца да таго, што прыдатна да літургіі і ўдзелу вернікаў, але трэба таксама рабіць усё магчымае, каб тое прыдатнае было адначасова прыгожым і годным тых касцёльных сфераў, у якіх выкарыстоўваецца». |