Бэнэдыкт XVI да Рыцараў Калумба: найлепшы адказ на атакі супраць Касцёла — вернасць Божаму слову |
Святы Айцец |
04.08.2010 17:47 |
«Святы Айцец перакананы, што перад абліччам…атак на Касцёл і яго прадстаўнікоў найбольш паспяховым адказам будзе большая вернасць Божаму слову, больш рашучае імкненне да святасці і большы ўдзел усіх вернікаў у справах міласэрнасці ў праўдзе», — гаворыцца ў пасланні, скіраваным ад імя папы Бэнэдыкта XVI праз кардынала Тарчызіо Бэртонэ вярхоўнаму Рыцару руху Рыцараў Калумба, Карлу Андэрсану. З 3 па 5 жніўня 2010 г. у Вашынгтоне (ЗША) праходзіць 128-я Канвенцыя найбуйнейшай супольнасці свецкіх католікаў. Як адзначаецца ў пасланні, дэвіз канвенцыі — «Я вартаўнік брату майму» — нагадвае аб духу братэрскай салідарнасці, якая натхняе Рыцараў Калумба і далей вызначае дзейнасць гэтай арганізацыі. Папа выказвае ўдзячнасць членам супольнасці за іх салідарнасць, любоў і даванне сведчання аб любові Хрыста і збаўчай праўдзе Евангелля. Дзякуе за супрацоўніцтва, за малітвы, а асабліва за Навэнну, што адпраўлялася ў вігілію 5-й гадавіны абрання Бэнэдыкта XVI на Апостальскі Пасад. У пасланні падкрэсліваецца, што кожная чалавечая дзейнасць падлягае маральнай адказнасці. У сувязі з гэтым Папа высока ацэньвае высілкі Рыцараў Калумба ў справе ўказання мудрасці маральнага вучэння Касцёла для ўсталявання здаровага, справядлівага і трывалага грамадскага ладу. Апостальская Сталіца дзякуе супольнасці свецкіх за абарону чалавечага жыцця, сапраўднай прыроды сужэнства і за старанні ліквідаваць розніцу паміж верай, якую мы абвяшчаем, і справамі кожнага дня. |