Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальская Сталіца абвясціла праграму падарожжа Бэнэдыкта XVI у Вялікабрытанію
Святы Айцец
18.08.2010 16:25

З 16 па 19 верасня 2010 г. адбудзецца апостальскае падарожжа Святога Айца Бэнэдыкта XVI у Вялікабрытанію, у ходзе якога Папа наведае Эдынбург, Глазго, Лондан і Бірмінгем. Прэс-служба Апостальскай Сталіцы абвясціла праграму візіту Пантыфіка.

Папа адляціць з рымскага аэрапорта ў чацвер, 16 верасня, у 8.10 і прыбудзе ў міжнародны аэрапорт у Эдынбургу ў 10.30 па мясцовым часе. Афіцыйная цырымонія вітання Святога Айца распачнецца а 11-й гадзіне ў Каралеўскім Палацы, пасля чаго Папа сустрэнецца з каралевай Елізаветай ІІ. На 11.40 запланавана сустрэча Пантыфіка з прадстаўнікамі ўлады, на 13.00 — абед Папы і членаў ватыканскай дэлегацыі з прадстаўнікамі мясцовага Касцёла ў Арцыбіскупскім палацы.

Затым Святы Айцец накіруецца ў Глазго, дзе ў 17.15 у Парку Бэлахаўстан будзе цэлебраваць святую Імшу. У 20.00 Папа вылеціць у Лондан і прыбудзе ў Апостальскую нунцыятуру, якая стане яго рэзідэнцыяй падчас прабывання ў Вялікабрытаніі.

17 верасня Пантыфік будзе цэлебраваць святую Імшу ў капліцы нунцыятуры, пасля чаго накіруецца ў Калегію універсітэта Панны Марыі. У 10.00 там распачнецца сустрэча з каталіцкімі выкладчыкамі і выхаваўцамі, да якіх Папа скіруе прамову. У 11.30 Святы Айцец сустрэнецца ў Калегіі з прадстаўнікамі іншых рэлігій.

А 16-й гадзіне Бэнэдыкт XVI прыбудзе з візітам да архіепіскапа Кентэрберыйскага ў Ламбецкі палац. У 17.10 у Вэстмінстэр-Холе распачнецца сустрэча Папы з прадстаўнікамі грамадскасці, свету навукі і культуры, дыпламатычным корпусам і рэлігійнымі лідэрамі. У 18.15 у Вэстмінстэрскім абацтве адбудзецца экуменічнае набажэнства і выступленне Святога Айца.

18 верасня, у суботу, Пантыфік сустрэнецца ў Арцыбіскупскім палацы Вэстмінстэра з прэм’ер-міністрам краіны і з прадстаўніком апазіцыі Вялікабрытаніі. А 10-й гадзіне ў катэдральным касцёле Найсвяцейшай Крыві Езуса Хрыста ў Вэстмінстэры распачнецца святая Імша, якую будзе цэлебраваць Папа. У 17.00 Бэнэдыкт XVI наведае рэкалекцыйны дом св. Пятра ў Ламбецкім палацы і прамовіць там казанне. Напрыканцы дня, у 18.15, у Гайд-парку распачнецца малітоўнае чуванне перад нядзельнай святой Імшой, звязанай з беатыфікацыяй кардынала Джона Генры Ньюмэна.

У нядзелю ў 8.45 Пантыфік накіруецца ў Бірмінгем. У 10.00 у мясцовым парку Кофтэн распачнецца літургія і беатыфікацыя кардынала Ньюмэна, падчас якой Папа прамовіць казанне. Апоўдні Святы Айцец разам з вернікамі прамовіць малітву «Анёл Панскі».

На 13.45 запланаваны абед Папы разам з біскупамі Англіі, Уэльса і Шатландыі, а затым — сустрэча з гэтымі іерархамі. У 18.15 у міжнародным аэрапорце ў Бірмінгеме адбудзецца цырымонія развітання, падчас якой прамовіць Пантыфік. У 18.45 самалёт з Папам і ватыканскай дэлегацыяй накіруецца ў Рым, куды прыбудзе ў 22.30.

Падарожжа Бэнэдыкта XVI у Вялікабрытанію стане яго 17-й паездкай за межы Ватыкана і Італіі, а Вялікабрытанія — 19-й краінай, якую наведвае Папа.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.