Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец узначаліў Імшу ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана
Святы Айцец
07.01.2011 13:12

6 студзеня 2011 г., ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, Святы Айцец узначаліў літургію ў базыліцы святога Пятра. У гаміліі Пантыфік, кажучы пра постаць караля Ірада, адзначыў, што «калі чалавек бачыць у Богу суперніка для сваёй свабоды, то не можа поўнасцю адкрыцца на крыніцу жыцця і на сапраўдную радасць».


«Дарагія браты і сёстры! Ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана Касцёл працягвае святкаваць таямніцу нараджэння Езуса Збавіцеля, — цытуе словы Бэнэдыкта XVI беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. — У прыватнасці, сённяшняе свята падкрэслівае прызначэнне і ўсеагульнае значэнне гэтага нараджэння. Стаўшы чалавекам ва ўлонні Марыі, Сын Божы прыйшоў не толькі да ізраільскага народа, які прадстаўляюць пастушкі з Бэтлеема, але да ўсяго чалавецтва, якое прадстаўляюць магі. Былі гэта людзі, якія шукалі не столькі ключ да расшыфравання будучыні або для атрымання карысці з улады. Яны шукалі нечага большага — сапраўднага святла, якое можа паказаць шлях, якім варта ісці праз жыццё».

«Мы павінны спытаць сябе: можа ёсць нешта з Ірада ў нас? — працягваў Папа. — Магчыма таксама і мы бачым Бога як свайго роду канкурэнта? Можа і мы сляпыя  ў адносінах да яго знакаў, глухія на Яго словы, таму што лічым, што Ён абмяжоўвае нашае жыццё?».

«Дарагія браты і сёстры, калі такім чынам мы будзем бачыць Бога, то будзем незадоволеныя і няшчасныя ў нашым жыцці, таму што не дазваляем, каб Ён (які з’яўляецца асновай усіх рэчаў) кіраваў намі. Мы павінны адкінуць з нашых розумаў і сэрцаў ідэю суперніцтва; мы павінны адкрыцца на Бога, які ёсць усемагутнай любоўю, які ў нас нічога не адбірае, не пагарджае намі, які адзіны ў стане прапанаваць нам магчымасць жыць поўняй жыцця, спазнаць сапраўдную радасць», — адзначыў Пантыфік.

«Дарагія браты і сёстры, — адзначыў на заканчэнне Папа, — даверым сябе кіраўніцтву зоркі, якою ёсць слова Божае, будзем прытрымлівацца яго ў нашым жыцці, ідучы з Касцёлам, дзе Слова Божае паставіла свой шацёр. Тады наш шлях будзе заўсёды асветлены святлом, якога ніхто іншы не зможа нам даць. І мы самі станем зоркамі для іншых, адлюстраваннем гэтага святла, якім Хрыстус заззяў на нас».

 


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.