Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Cвяты Айцец удзяліў дзецям сакрамэнт хросту
Святы Айцец
10.01.2011 17:05

Пра неабходнасць аказання парафіямі падрымкі сем’ям у іх заданні перадавання веры нагадаў Святы Айцец, удзяляючы 9 студзеня 2011 г. сакрамэнт Хросту. Ва ўрачыстасць Хросту Пана гэты сакрамэнт з рук Пантыфіка атрымалі 13 хлопчыкаў і 8 дзяўчынак — дзяцей працаўнікоў ватыканскіх ведамстваў.


«Я рады прывітаць вас, асабліва хросных бацькоў 21 дзіцяці, якія сёння атрымаюць сакрамэнт хросту. Ужо па склаўшайся традыцыі, гэты абрад цэлебруецца сёлета падчас Эўхарыстыі ў свята Хросту Пана. Гэтая ўрачыстасць — першая нядзеля пасля Аб’яўлення Пана — завяршае перыяд Нараджэння Пана», — адзначыў Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI у гаміліі падчас святой Імшы.

Паводле евангеліста Мацвея (пар. Мц 3, 13–17), Езус прыбывае з Галілеі да ракі Ярдан, каб прыняць хрост з рук Яна. «Трэба памятаць, што Езус устанаўлівае сакрамэнты і нараджае Касцёл праз сваю смерць і ўваскрасенне, — прыводзіць словы Папы беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. — І таму, калі Ян Хрысціцель бачыць Езуса, які стаіць у чарзе разам з грэшнікамі і хоча ахрысціцца, здзіўляецца. Прызнаючы ў Ім Месію, Божага Сына, які не мае граху, Ян выказвае сваю збянтэжанасць: ён сам бы хацеў прыняць хрост ад Езуса. Але Езус наказвае яму не супраціўляцца, адобрыць гэты акт, „бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва“».

«Хрост Езуса, успамін якога мы сёння адзначаем, упісваецца ў логіку пакоры: гэта жэст таго, хто хоча быць адным з нас ва ўсім, які не ведаў граху, а прадстаўляецца як грэшнік” (пар. Кар 5, 21), каб несці на сваіх плячах цяжар віны ўсяго чалавецтва. Гэты акт пакоры, з якой Езус жадае цалкам з’яднацца з Нябесным Айцом, паказвае поўную гармонію волі і інтэнцый, якія існуюць паміж асобамі Святой Тройцы. Дзеля гэтага акту любові Божы Дух аб’яўляе сябе як голуб, з’яўляецца над Езусам і сведчыць аб любові, якая аб’ядноўвае Езуса з Айцом. Голас звышыні сведчыць, што Езус ва ўсім паслухмяны Айцу, і гэтая паслухмянасць з’яўляецца праяўленнем любові паміж імі. Нябесны Айцец адкрыта паказвае ўсяму чалавецтву глыбокія зносіны, якія яднаюць Яго з Сынам: “Гэта ёсць Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў” (пар. Мц. 3, 17)», — працягваў Пантыфік.

«Дарагія бацькі, хрост, які сёння просіце для сваіх дзецей, уводзіць іх у гэты абмен узаемнай любові, якая існуе ў Богу паміж Айцом і Сынам, і Духам Святым. Праз гэты жэст, які я збіраюся зрабіць, праліваецца на іх любоў Бога. Праз ваду вашы дзеці ўваходзяць у жыццё Езуса, які памёр на Крыжы, каб вызваліць нас ад граху, а ўваскрасеннем перамагчы смерць. Такім чынам, духоўна акунаючыся ў Яго смерць і ўваскрасенне, яны вызваляюцца ад першароднага граху і ў іх пачынаецца жыццё ласкі, якая з’яўляецца жыццём самога Уваскрослага Езуса», — адзначыў Пантыфік.

«Прымаючы хрост, гэтыя дзеці атрымліваць дар, незнішчальную духоўную пячатку, „характар”, які назаўсёды адзначае іх прыналежнасць Пану, а Ён робіць іх членамі свайго містычнага цела, якім ёсць Касцёл. Ён, які вітае іх сярод сваіх дзяцей, нясе адказнасць разам з бацькамі і хроснымі ў суправаджэнні гэтых дзяцей на шляху росту, — звяртаўся Святы Айцец да прысутных. — Супрацоўніцтва паміж хрысціянскай супольнасцю і сям’ёй у цяперашняй грамадскай сітуацыі (у якой ўстанова сям’і знаходзіцца пад пагрозай з многіх бакоў і сутыкаецца са шматлікімі цяжкасцямі ў сваёй місіі выхавання ў веры) патрэбна як ніколі. Паслабленне культурнай стабільнасці і хуткія змены, якім падвяргаецца грамадства, робяць вельмі складанымі выхаваўчыя задачы. Такім чынам, неабходна, каб парафіі імкнуліся ўсё больш падтрымліваць сем’і, малыя хатнія Касцёлы, у іх заданні перадаваць веру.

Гэта быў ужо 10 хрост, які ўдзяліў Бэнэдыкт ХVI ад пачатку свайго Пантыфікату, і шосты ва ўрачыстасць Хросту Пана.

 


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.