Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік пра св. Тэрэзу з Авілы: малітва для яе — гэта жыццё
Святы Айцец
02.02.2011 17:17
У катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі 2 лютага 2011 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI нагадаў, што св. Тэрэза з Авілы належыць да найбольш славутых духоўных аўтарытэтаў усіх часоў. «Яна сапраўдная настаўніца для вернікаў кожнай эпохі», — падкрэсліў Папа.

У сваім разважанні Пантыфік адзначыў, што евангельскія цноты ўтвараюць аснову ўсяго хрысціянскага і грамадскага жыцця. Сярод іх Папа назваў свабоду ад матэрыяльнага дабра ці евангельскае ўбоства, узаемную любоў як істотны элемент жыцця ў супольнасці і грамадстве, а таксама пакору, як любоў да праўды, рашучасць як плён хрысціянскай адвагі, тэалагічную надзею, названую Папам «жаданнем жывой вады».

Пантыфік звярнуў увагу таксама на чалавечыя цноты: ветлівасць, праўдзівасць, сціпласць, выхаванасць, уменне быць радасным і культурным. Па словах Пантыфіка, «св. Тэрэза прапануе нам глыбокую гармонію з вялікімі біблейскімі індывідуальнасцямі і жывое ўслухоўванне ў Божае слова». Святая падкрэслівае значэнне малітвы, якая для яе з’яўляецца жыццём. Яна развіваецца паступова, разам з узростаннем хрысціянскага жыцця: распачынаецца з вуснай малітвы, пасля — медытацыя і разважанне, даходзячы да паяднання ў любові з Хрыстом і Найсвяцейшай Тройцай.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што ў нашым грамадстве, якому часта не хапае духоўных каштоўнасцяў, св. Тэрэза вучыць быць нястомнымі сведкамі веры. «Яна вучыць, каб сапраўды адчувалі прагненне Бога, які існуе ў глыбіні нашага сэрца, каб мы сапраўды жадалі Яго, шукалі, каб убачыць Яго, каб знайсці Яго сяброўства і праз гэта сапраўднае жыццё», — адзначыў Папа.

Яшчэ адной важнай тэмай, блізкай св. Тэрэзе, з’яўляецца важнасць чалавечнасці Хрыста. Для святой хрысціянскае жыццё — гэта асабістыя адносіны з Езусам, якія маюць сваю кульмінацыю ў яднанні з Хрыстом праз ласку, любоў і наследаванне Яго.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.