Бэнэдыкт XVI сустрэнецца са старшынёй Еўрапарламента |
Святы Айцец |
25.02.2011 12:24 |
28 лютага 2011 г. Бэнэдыкт XVI сустрэнецца ў Ватыкане са старшынёй Еўрапейскага парламента Ежы Бузэкам. Палітык павінен быў наведаць Святога Айца 25 кастрычніка мінулага года, але візіт быў адменены з-за праблем са здароўем першага. Еўрапейскія палітыкі павінны прыслухацца да таго, што гаворыць такі «чалавек веры і культуры, як Ёзаф Ратцынгер», — адзначыў старшыня Еўрапарламента ў інтэрв’ю італьянскаму агенцтву «SIR», дадаўшы, што «гэта не толькі кіраўнік дзяржавы, але перш за ўсё кіраўнік Каталіцкага Касцёла — супольнасці вернікаў, якая сфарміравала Еўропу». Як паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, Бузэк назваў адной з асноўных на сённяшні дзень турбот Каталіцкага Касцёла ганенні хрысціянаў на Блізкім Усходзе. Палітык запэўніў, што Еўрапейскі парламент раздзяляе гэтую заклапочанасць і заклікае Кэтрын Эштан, Вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы, «прадпрыняць шэраг канкрэтных дзеянняў у абарону рэлігійнай свабоды». |