На прыгнятальны ў дачыненні да хрысціян характар ліберальнай дэмакратыі ў Еўропе ўказаў на пасяджэнні Еўрапарламента пасол Польшчы Конрад Шыманскі. Па словах пасла, абарона свабоды сумлення бацькоў, дзяцей, медыкаў, сацыяльных супрацоўнікаў становіцца фікцыяй у сувязі з так званай антыдыскрымінацыйнай палітыкай і націскам на паўсюднае прызнанне права на аборты.
На пасяджэнні выступіў таксама амерыканскі праваахоўца прафесар Джозэф Вейлер, які прачытаў даклад на тэму неталерантнасці і дыскрымінацыі хрысціян у Еўропе.
Па словах Конрада Шыманскага, ліберальная еўрапейская дэмакратыя абапіраецца на канцэпцыі прыроджаных правоў чалавека, якія належаць істоце з прычыны нараджэння чалавекам. Іх універсальнае, безумоўнае выкананне пацверджана ў міжнародных пактах і трактатах. Да гэтай групы правоў належыць і рэлігійная свабода, а таксама свабода сумлення. Яны зацверджаны ў міжнародным праве, як у сістэме ААН, так і ў Еўрапейскай Канвенцыі Правоў Чалавека.
Парадаксальна, як працягваў пасол Польшчы, тое, што менавіта ліберальная дэмакратыя з прычыны сваёй эвалюцыі становіцца адным з фактараў, які пагражае гэтай свабодзе. Як паказваюць даныя, у 2009 г. 84% католікаў у Вялікабрытаніі паведамілі, што адчуваюць пагрозу для сваёй рэлігійнай свабоды. 82% сцвярджаюць, што іх жыццё ў секулярызаваным грамадстве становіцца цяжкім. У той жа час 67% французскіх католікаў паведамілі, што ў дзяржаўных школах не шануецца свабода сумлення і веравызнання іх дзяцей.
Яшчэ адным парадоксам, як адзначыў пасол Шыманскі, можна назваць той факт, што найбольш частай прычынай дыскрымінацыі хрысціян становіцца антыдыскрымінацыйнае права, якое ўсё ў большай ступені супярэчыць традыцыйнаму хрысціянскаму вучэнню аб гомасексуалізме.
|