| В’етнамскія біскупы: суверэннасць належыць народу, а не адзінай партыі | 
	| 05.03.2013 11:06 | 
|  Суверэннасць належыць народу, а не адзінай партыі, якая валодае неабмежаванай уладай, — такую думку выказалі члены пастаяннага камітэту епіскапату В’етнама ў апублікаваным на сайце VietCatholic News разважанні наконт зменаў у канстытуцыі, якія плануюцца ў краіне.
 У прыватнасці, іерархі выступілі супраць артыкула №4, які прадугледжвае дамінаванне ў краіне камуністычнай партыі.
 «З павагі да суверэннасці народа канстытуцыя не можа і не павінна катэгарычным спосабам прадугледжваць лідарства нейкай адной партыі, бо фундаментам палітычнай улады з’яўляецца сам народ», — падкрэсліў пастаянны камітэт в’етнамскага епіскапату, дадаючы, што члены парламента павінны несці адказнасць перад народам.
 
 Акрамя змены ўзгаданага артыкула №4, іерархі жадаюць забеспячэння ў канстытуцыі свабоды слова, мастацкай творчасці і веравызнання, а таксама змены адносінаў паміж органамі дзяржаўнай улады — у прыватнасці Прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам і генеральным сакратаром партыі, на якім фактычна канцэнтруецца ўлада ў В’етнаме.
 (AG) 
 |