Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: Езус хоча ўзнесці нас да Божых вышыняў
Святы Айцец
18.04.2011 16:43

17 красавіка 2011 г. на плошчы Св. Пятра ў Ватыкане Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узначаліў літургію Пальмовай нядзелі. Узгадваючы аб урачыстым уваходзе Хрыста ў Ерузалем, Папа падкрэсліў, што Сын Божы накіроўваўся да святыні, якая была для ізраільцян пацвярджэннем блізкасці Бога да свайго народу.

«Ён бачыць, што Яго чакае новая Пасха і што Ён сам зойме месца ахвярных баранкаў, ахвяруючы сябе на Крыжы. Бачыць, што ў таямнічых дарах хлеба і віна будзе заўсёды аддаваць сябе, адчыніць брамы да новага шляху вызвалення, да камуніі з жывым Богам. Апошняя мэта Яго пілігрымкі — Божыя вышыні, да якіх Ён прагне ўзнесці чалавека», — адзначыў Пантыфік.

Па словах Папы, сам чалавек не можа ўласнымі сіламі ісці ў нагу з Езусам на гэтым шляху да вышыняў. З даўніх часоў людзі імкнуцца быць «як Бог», каб стаць вольнымі, незалежнымі, як Ён. Шматлікія дасягненні тэхнікі сведчаць аб велічы чалавека, але адначасова мы бачым, што павелічэнне чалавечых магчымасцяў не заўсёды суправаджаецца павелічэннем дабра. Узрастаюць таксама магчымасці зла, застаюцца чалавечыя абмежаванні, што пацвярджаюць і нядаўнія прыродныя катастрофы.

Як дадаў Святы Айцец, нашы сэрцы — «цэнтр, у якім дух становіцца целам, а цела духам, у якім воля, пачуцці і інтэлект яднаюцца ў пазнанні і любові Бога». «Мы не можам зрабіць гэтага ўласнымі сіламі, але толькі дзякуючы Божай моцы. Гэта распачаў Хрыстус у таямніцы Крыжа. Ён сышоў да адхлані чалавечага існавання, каб прыцягнуць нас да сябе, да жывога Бога. Стаў пакорным, і толькі такім чынам магла быць пераможана наша пыха. Пакора Бога — найвышэйшая форма Яго любові, а такая пакорная любоў узнімае ў вышыні», — падкрэсліў Папа.

Вялікія дасягненні тэхнікі, адзначыў Пантыфік, робяць нас свабоднымі. Разам з тым ад нас патрабуецца пераадолець пыху, каб стаць як Бог. «Неабходна пакора веры, якая шукае аблічча Бога і давярае праўдзе Яго любові», — дадаў Папа.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.