Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ў Аквілеі і Венецыі: шануйце традыцыі і адважна прымайце выклікі сучаснасці
Святы Айцец
10.05.2011 13:17

Адкрываць багацце хрысціянскай традыцыі і адважна адказваць на выклікі сучаснасці заклікаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI вернікаў паўночна-ўсходняй часткі Італіі. 7–8 мая 2011 г. Папа наведаў Аквілею і Венецыю.

Звяртаючыся да вернікаў Аквілеі на плошчы Капітоль, Пантыфік адзначыў, што мэта яго візіту — найперш умацаванне мясцовых хрысціян у веры іх продкаў. «Адкрывайце нанава, бараніце і вызнавайце гэтую праўду!» — заахвоціў Папа, дадаўшы, што толькі ад Хрыста «чалавецтва можа атрымаць надзею і будучыню, сілу, справядлівасць і мір».

Святы Айцец таксама заклікаў вернікаў часта карыстацца з той крыніцы сілкавання, якою з’яўляецца Эўхарыстыя. «Успамін Найсвяцейшай Маці Касцёла ў Аквілеі няхай падтрымлівае вас, пабуджае да новых місіянерскіх мэтаў, няхай ён у гэты неспакойны час робіць вас будаўнікамі еднасці і паразумення між народамі вашых земляў», — пажадаў Пантыфік.

Падчас сустрэчы з удзельнікамі ІІ Рэгіянальнага касцёльнага з’езду, якая прайшла ў мясцовай базыліцы, Папа нагадаў, што ў гісторыю гэтага рэгіёну глыбока ўпісана Евангелле Хрыста. Аб гэтым сведчыць жывая дзейнасць парафіяльных супольнасцяў, актыўнасць таварыстваў і душпастырская дзейнасць. Па словах Пантыфіка, сёння асаблівай апекай трэба агарнуць пажылых і хворых людзей, а таксама тых, хто знаходзіцца ў патрэбе. Перад абліччам крызісу сужэнства і спаду нараджальнасці неабходна памятаць аб дапамозе сем’ям і моладзі. Абвяшчэнне Хрыстовай любові заключаецца таксама ў падтрымцы «агульнага дабра ў грамадстве і адказнай палітычнай дзейнасці веруючых людзей».

«Вашы продкі добра ведалі, што чалавечае жыццё ў руках Бога і без Яго благаслаўлення будаўнік працуе дарэмна, — адзначыў Святы Айцец, звяртаючыся затым да жыхароў Венецыі. — Таму, наведваючы ваш горад, малюся, каб Пан даў вам шчырую і плённую веру, вялікую надзею і цярплівае імкненне да агульнага дабра».

Бэнэдыкт XVI наведаў таксама венецыянскую базыліку св. Марка і памаліўся каля рэліквій апекуна святыні.

8 мая, у нядзелю, Папа ўзначаліў святую Імшу ў венецыянскім парку Св. Юліяна. Узгадваючы аб багатай хрысціянскай традыцыі гэтага рэгіёну, Пантыфік падкрэсліў, што і сёння неабходна ўмацоўваць і абараняць праўды веры. Кожны хрысціянін павінен быць сведкам, гатовым з радасцю абвяшчаць смерць і ўваскрасенне Пана. Святы Айцец заклікаў вернікаў не паддавацца спакусам геданістычнай культуры і «быць святымі», бо паўночна-ўсходняя Італія з’яўляецца радзімай многіх святых.

У гэты ж дзень у базыліцы св. Марка Папа сустрэўся з прадстаўнікамі Патрыярхату Венецыі. «Прыбываю да вас з сімвалічным візітам, каб пераказаць Евангелле вам, духоўным сынам св. Марка, каб умацаваць вас у веры і дадаць вам адвагі перад абліччам выклікаў нашага часу. Ідзіце шляхам новай евангелізацыі, аддана служыце ўбогім і адважна сведчыце ў розных сферах грамадства. Усведамляйце, што несяце пасланне, адрасаванае кожнаму чалавеку; пасланне веры, надзеі і любові», — адзначыў Пантыфік. У сустрэчы з Папам удзельнічалі і прадстаўнікі іншых хрысціянскіх супольнасцяў: Армянскай Апостальскай Царквы, Грэчаскай і Рускай Праваслаўных Цэркваў, Англіканскай і Лютэранскай Цэркваў.

Затым Святы Айцец накіраваўся ў гандоле ў базыліку Санта Марыя дэлла Салютэ, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі эканомікі, культуры і мастацтва рэгіёну. У прамове Папа падкрэсліў, што Венецыя павінна быць вядома не толькі як «горад вады», але і як горад жыцця і прыгажосці. Назва «горад вады» выклікае думку пра сучаснае грамадства і еўрапейскую культуру, якая лічыцца «плыннай», бо адзначаецца нестабільнасцю і зменлівасцю. «Хацеў бы прапанаваць, каб Венецыя была не такім „плынным“ горадам, а горадам жыцця і прыгажосці», — адзначыў Пантыфік. Венецыя мае доўгую гісторыю, багатую духоўную і мастацкую спадчыну, каб і сёння быць здольнай да «каштоўнага ўкладу ў дапамогу людзям, каб паверылі ў лепшую будучыню і будавалі яе».

Напрыканцы свайго візіту ў Венецыю Папа асвяціў адрэстаўраваную капліцу Святой Тройцы.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.