Бэнэдыкт XVI: Святы Дух стварае з нас супольнасць веры |
Святы Айцец |
13.06.2011 11:38 |
Ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, якой завяршыўся Велікодны перыяд, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узначаліў літургію ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане. Гамілію Папа прысвяціў таямніцы Святога Духа і Касцёла. «Сённяшняй урачыстасцю, — адзначыў Патыфік, — Касцёл жадае сказаць нам, што Дух Стварыцель усяго жывога і Святы Дух, якога Хрыстус паслаў ад Айца супольнасці вучняў, — гэта адзін і той жа Дух. Справа стварэння і справа адкуплення ўзаемна дапаўняюць адна адну і ў сваёй глыбокай аснове складаюць адну і тую ж містэрыю любові і збаўлення». Бэнэдыкт XVI нагадаў, што Дух Стварыцель дае нам магчымасць апазнаць Хрыста, як Пана і Бога. Ён жа стварае з нас супольнасць веры, і па натхненні Святога Духа існуе Касцёл. Таму, па словах Папы, становіцца зразумелым, што Касцёл з’яўляецца паўсюдным з самага пачатку, і гэта яго паўсюднасць — не вынік пазнейшага далучэння розных супольнасцяў. «З першага імгнення Бог стварыў Касцёл супольнасцю ўсіх народаў. Ён ахоплівае ўвесь свет, пераступаючы расавыя, сацыяльныя і нацыянальныя межы. Ён знішчае ўсе перашкоды і аб’ядноўвае людзей ва ўшанаванні Трыадзінага Бога», — падкрэсліў Папа. Святы Айцец патлумачыў таксама, што святым Касцёл з’яўляецца не дзякуючы годнасці сваіх членаў, але дзякуючы таму, што сам Бог сваім Духам робіць яго моцным і няспынна асвячае. |