Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: цішыня схіляе нас да малітвы
Святы Айцец
10.08.2011 16:17

На агульную аўдыенцыю Святога Айца Бэнэдыкта XVI, што адбылася 10 жніўня 2011 г., сабралася каля 2,5 тысяч вернікаў. Аўдыенцыя прайшла ў папскай рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа.

Святы Айцец заклікаў прысутных шукаць і адкрываць цішыню ў паглыбленні жыцця веры і малітвы, ставячы пры гэтым у прыклад святых, якіх узгадвае Касцёл на гэтым тыдні.

На пачатку сваёй катэхезы Папа звярнуў увагу на тое, што «жанчыны і мужчыны, якія прысвяцілі сваё жыццё Богу ў малітве, як законнікі і законніцы, заснавалі свае супольнасці ў месцах, асабліва прыгожых: у сельскай мясцовасці, на пагорках, у далінах, гарах, на берагах азёр або мораў, нават на невялікіх астравах». Гэтыя месцы спалучаюць два вельмі важных элементы разважлівага жыцця: прыгажосць стварэння, якая адносіцца да Стварыцеля, і цішыню як вынік адлегласці ад буйных гарадоў і дарог.

На думку Святога Айца, цішыня заўсёды абумоўлена асяроддзем, яна найбольш спрыяе засяроджанасці, слуханню Бога, медытацыі. Сам факт маўчання, які дае магчымасць «напоўніць» цішыню, схіляе нас да малітвы. «Бог гаворыць у цішыні, але трэба ведаць, як Яго слухаць. Менавіта таму кляштары з’яўляюцца аазісамі, у якіх Бог гаворыць з чалавецтвам; у іх ёсць унутраны дворык — сімвалічнае месца, таму што гэта прастора замкнёная, але ў той жа час, адкрытая да неба», — цытуе словы Папы Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

«Калі паглядзець на рэчы з духоўнай перспектывы, гэтыя месцы з’яўляюцца апорнай канструкцыяй свету! Невыпадкова, што многія людзі, асабліва ў перыяд адпачынку, наведваюць гэтыя месцы і спыняюцца там на працягу некалькіх дзён, бо душа таксама мае свае патрэбы!», — адзначыў Папа.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.