Святы Айцец: каб ісці за Панам, трэба прыняць свой крыж |
Святы Айцец |
29.08.2011 13:09 |
28 жніўня 2011 г. у папскай рэзідэнцыі Кастэль Гандольфа адбылася традыцыйная малітва «Анёл Панскі». Перад ёй Папа заклікаў прысутных вернікаў паразважаць над урыўкам з нядзельнага Евангелля. У слове Божым Езус тлумачыць сваім вучням, што Ён павінен «ісці ў Ерузалем і шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць». Рэакцыя вучняў на гэтыя словы паказвае разыходжанне паміж планам любові Айца, які аддае адзінароднага Сына, каб збавіць чалавецтва, і чаканнямі, жаданнямі, планамі вучняў. «Гэты канфлікт паўтараецца таксама сёння: калі жыццё скіравана выключна на сацыяльны поспех, эканамічны і матэрыяльны дабрабыт, тады чалавек не думае пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае», — адзначыў Святы Айцец. Як да вучняў, так і да нас Езус скіроўвае запрашэнне: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною». «Хрысціянін ідзе за Панам, калі прымае з любоўю свой крыж, які ў вачах свету з’яўляецца паражэннем і „згубай жыцця”, ведаючы, што не нясе яго сам, але з Езусам, раздзяляючы яго шлях ахвярнасці», — прыводзіць словы Папы Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. «Даручым нашыя малітвы Найсвяцейшай Панне Марыі і св. Аўгустыну, літургічны ўспамін якога сёння адзначаем, каб кожны з нас здолеў ісці за Панам па шляху Яго крыжа і дазволіў Божай ласцы перамяніць сябе, аднаўляючы свой спосаб мыслення „каб мы пазналі, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае”». |