Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: будзьма галінкамі ў вінаградніку Пана
Святы Айцец
03.10.2011 13:01

У нядзелю 2 кастрычніка 2011 г. на плошчы Святога Пятра ў Рыме адбылася традыцыйная малітва «Анёл Панскі». Узначаліў яе і прапанаваў паразважаць над урыўкам з Евангелля Святы Айцец Бэнэдыкт XVI.

У разважанні Пантыфік звярнуў увагу на заканчэнне нядзельнага Евангелля, а менавіта на словы «Адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго» (пар. Мц 21, 43).

«Гэтыя словы ўказваюць на вялікую адказнасць тых, хто ў кожную гістарычную эпоху пакліканы працаваць у вінаградніку Пана, асабліва ў ролі кіраўніка, і тых, хто падштурхоўвае да поўнага аднаўлення вернасці Хрысту», — адзначыў Папа.

«Ён з’яўляецца „каменем, адкінутым будаўнікамі“ (пар. Мц 21, 42), бо быў абвешчаны ворагам закона і небяспечным для грамадскага парадку. Але і Ён, адкінуты і ўкрыжаваны, уваскрос, і стаў „вуглавым камнем“, які можа быць асновай, фундаментам кожнага чалавека і ўсяго свету. Аб гэтай праўдзе кажа прыпавесць аб няверных вінаградарах, якім чалавек даверыў уласны вінаграднік, каб яны даглядалі яго і збіралі плады.

Уладальнік вінаградніка — гэта вобраз самаго Бога, вінаграднік сімвалізуе Яго народ, а таксама жыццё, якое Ён падараваў нам і якое мы павінны — з дапамогай Яго ласкі — прывесці да дабра», — прыводзіць словы Папы Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

«Моцна ўкаранёныя ў веры ў вуглавы камень, якім з’яўляецца Хрыстус, застанемся ў Ім заўсёды як галінка, якая не можа прынесці кепскія плады, калі застанецца ў вінаградніку. Толькі ў Ім, праз Яго і з Ім будуецца Касцёл, народ Новага Запавету», — адзначыў Святы Айцец.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.