Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: несці валадарства спакою
Святы Айцец
26.10.2011 14:14

«Як хрысціяне мы хочам прасіць Бога аб дары спакою, жадаем маліць Яго, каб зрабіў нас прыладамі Свайго спакою ў свеце, які па-ранейшаму раздзіраюць нянавісць, падзелы, эгаізм, войны», — адзначыў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі 26 кастрычніка 2011 г.

Сённяшнія разважанні сталі своеасаблівай падрыхтоўкай да міжрэлігійнай сустрэчы ў Асізі, што адбудзецца 27 кастрычніка. Дзень разважанняў, дыялога і малітвы пройдзе на тэму «Пілігрымы праўды — пілігрымы міру».

У малітве Пантыфік прасіў Усемагутнага аб тым, каб сустрэча ў Асізі спрыяла дыялогу паміж людзьмі розных веравызнанняў і прынесла промень  святла, «здольнага асвяціць розумы і сэрцы ўсіх людзей, каб незадаволенасць саступіла месца прабачэнню, падзел — паяднанню, нянавісць — любові, насілле — пяшчоце, а ў свеце запанаваў спакой».

Звяртаючыся да ўрыўка Святога Пісання з Кнігі прарока Захарыі пра абяцанне прыйсця Божага Валадарства, Папа адзначыў, што Хрыстус «з’яўляецца Валадаром тых, хто мае ўнутраную свабоду, што дазваляе нам пераадолець хцівасць, эгаізм».

Кажучы пра тое, якім чынам сёння можна пабудаваць валадарства спакою, Пантыфік адзначыў, што «хрысціяне ніколі не павінны паддавацца спакусе быць воўкам сярод ваўкоў». «Валадарства спакою Хрыста не распаўсюджваецца моцай, сілай і насіллем, але самаахвяраваннем, любоўю, даведзенай да крайнасці (нават да непрыяцеляў). Езус не перамяняе свет моцай зброі, але моцай Крыжа, які з’яўляецца сапраўднай гарантыяй перамогі», — адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Святы Айцец звярнуў увагу на статуі святых Пятра і Паўла, якія знаходзяцца на плошчы. Пётр трымае ў руцэ ключы, а Павел — меч. Аднак гэты меч, як адзначыў Папа, не з’яўляецца сімвалам улады і пераможцы, але прыладай, якой Павел быў забіты як мучанік.

«Ён прысвяціў сваё жыццё, каб несці пасланне паяднання і спакою Евангелля, выкарыстоўваючы ўсю сваю энергію, каб яно загучала ва ўсіх канцах свету. Гэта было яго моцай: не шукаў спакойнага і выгоднага жыцця, аддаленага ад праблем і супрацьлегласцяў, але гарэў для Евангелля, прысвяціў усяго сябе, без пярэчання, і так стаў вялікім вестуном спакою і паяднання з Хрыстом», — працягваў Святы Айцец.

Папа дадаў, што меч нагадвае пра моц праўды, якая часта можа параніць, прычыніць боль. «Апостал сапраўды застаўся даканца верным праўдзе, служыў ёй і цярпеў за яе, за яе і аддаў сваё жыццё, — адзначыў Бэнэдыкт XVI. — Гэтая логіка датычыць і нас, калі хочам несці валадарства спакою, пра якое казаў прарок Захарыя і якое рэалізаваў Хрыстус; павінны быць гатовымі (….) зносіць непаразуменне, непрыманне і пераслед».

Спакой, па словах Папы, будуецца мячом церпячага чалавека, здольнага аддаць сваё жыццё.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.