Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: без любові непатрэбныя іншыя дары
Святы Айцец
14.11.2011 13:00

Да плённага і радаснага чування заклікаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзельнікаў агульнай аўдыенцыі. Разважанне да Евангелля і супольная малітва «Анёл Панскі» адбыліся ў нядзелю 13 лістапада 2011 г. 

«Слова Божае на гэтую нядзелю — перадапошнюю ў гэтым літургічным годзе — папярэджвае нас аб часовасці зямнога інсавання і заклікае жыць як пілігрымы, трымаючы свой позірк на мэце, якой з’яўляецца Бог, які нас стварыў, і стварыў для сябе, а таксама з’яўляецца нашым апошнім лёсам і сэнсам жыцця», — адзначыў Папа.

Усведамленне хвалебнага вяртання Хрыста, як дадаў Папа, натхняе чалавека «жыць у чуванні, чакаючы Яго аб’яўлення і пастаянна памятаючы аб Яго першым прыходзе».

«У цудоўнай прыпавесці аб талантах, перададзенай нам евангелістам Мацвеем, Езус расказвае пра трох слугаў, якім гаспадар на час адсутнасці даручыў сваю маёмасць. Двое з іх паводзілі сябе добра, бо змаглі падвоіць атрыманае багацце. Трэці, аднак, закапаў грошы, якія даў яму гаспадар. Калі гаспадар вярнуўся дамоў, пачаў патрабаваць ад слугаў рахунку з даверанай маёмасці. Першыя два слугі яму спадабаліся, а трэці — не, — прыводзіць словы Пантыфіка Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. — Гэты слуга, які закапаў свой дар, не ацаніўшы яго, кепска зрабіў рахунак: ён паводзіў сябе так, нібыта яго гаспадар не павінен быў вярнуцца, і нібыта дзень, у які трэба было даць справаздачу, ніколі не прыйдзе. Гэтай прыпавесцю Езус хоча навучыць сваіх вучняў добра карыстацца дабротамі і дарамі: Бог кліча кожнага чалавека да жыцця і дае яму неабходныя таланты, давяраючы адначасова місію, якую неабходна выканаць».

«Дарагія браты, прымем гэтае запрашэнне да чування, да якога шмат разоў нас запрашае Святое Пісанне. Яно заключаецца ў тым, каб ведаць, што Пан вернецца і захоча ўбачыць у нас плёны сваёй любові. Любоў з’яўляецца фундаментальным дабром, якое ніхто не можа пакінуць без выкарыстання і без якога ўсе іншыя дары непатрэбныя», — падкрэсліў Святы Айцец.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.