Як перажываць Год веры? Апублікаваны пастырскія ўказанні |
Святы Айцец |
09.01.2012 12:42 |
Пастырскія ўказанні да аб’яўленага Святым Айцом Года веры змяшчае дакумент Кангрэгацыі Веравучэння, датаваны 6 студзеня 2012 г. Дакумент распрацаваны ў супрацоўніцтве з іншымі ведамствамі Апостальскай Сталіцы і апублікаваны 7 студзеня. У камюніке да дакумента нагадваецца, што 2012 год Святы Айцец абвясціў Годам веры з мэтай садзейнічаць новаму адкрыццю скарбаў веры. Працягнецца ён да 24 лістапада 2013 г. Пастырскія ўказанні ахопліваюць святкаванне Года веры на чатырох узроўнях: сусветным, нацыянальным, дыяцэзіяльным і парафіяльным. На сусветным узроўні запланаваны мерапрыемствы з удзелам Папы: Эўхарыстыя на пачатак і заканчэнне Года веры, Сінод Біскупаў і Сусветны дзень моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра. Запланавана вялікая колькасць экуменічных набажэнстваў. Біскупскім канферэнцыям розных краін неабходна паклапаціцца пра паглыбленне катэхізацыі, выкарыстоўваючы для гэтага творы мастацтва, выяўленчую творчасць і сродкі масавай інфармацыі. На дыяцэзіяльным узроўні рэкамендуецца праводзіць семінары і канферэнцыі, а таксама набажэнствы, падчас якіх вернікі будуць прасіць Бога аб прабачэнні грахоў супраць веры. У парафіях цэнтрам святкаванняў стане літургія. З мэтай каардынацыі разнастайных ініцыятываў пры Папскай радзе па новай евангелізацыі будзе створаны спецыяльны сакратарыят «Года веры», у распараджэнні якога будзе інтэрнэт-сайт з усёй патрэбнай інфармацыяй. |