Апостальскім лістом Бэнэдыкта XVI «Porta fidei» абвешчаны Год веры |
Слова Папы |
19.10.2011 11:57 |
Апостальскі ліст Бэнэдыкта XVI «Porta fidei» («Брама веры»), апублікаваны 17 кастрычніка 2011 г., стаў абвяшчэннем Года веры ў паўсюдным Каталіцкім Касцёле. Распачнецца ён 11 кастрычніка 2012 г. і завершыцца 24 кастрычніка 2013 г. Як патлумачыў у сваім лісце Святы Айцец, гэты год стане «запрашэннем да сапраўднага навяртання да Пана, адзінага Збаўцы свету». Бэнэдыкт XVI адзначае, што пачатак Года веры супадзе з адкрыццём агульнай асамблеі Сіноду Біскупаў, прысвечанай тэме «Новая евангелізацыя для перадавання хрысціянскай веры». Таксама пачатак Года веры супадзе з 50-годдзем адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору, што «з’яўляецца цудоўнай магчымасцю для спасціжэння зместу тэкстаў, пакінутых у спадчыну Айцамі Сабору». Пра гэта паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Папа адзначае, што ведання зместу веры недастаткова, калі сэрца — сапраўдны санктуарый асобы — не адкрываецца на ласку, якая дазваляе бачыць глыбіню і рэальнасць слова Божага. Святы Айцец звяртае ўвагу і на тое, што вера не можа быць прыватнай справай, бо «патрабуе сведчання ў публічнай дзейнасці». Пантыфік заклікаў Кангрэгацыю Веравучэння і злучаныя з ёю ватыканскія ведамствы «выдаць спецыяльнае пасланне і ў ім даць Касцёлу і вернікам некаторыя неабходныя парады, каб пражыць Год веры найбольш эфектыўна і дасканала, служачы веры і евангелізацыі». «Год веры будзе таксама цудоўнай магчымасцю, каб умацаваць сведчанне любові: вера без любові не прыносіць плёну, а любоў без веры застанецца толькі пачуццём, якое заўсёды будуць суправаджаць сумнівы», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI. |