Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: улада азначае служэнне, пакору і любоў
Святы Айцец
30.01.2012 10:23

Часта для чалавека ўлада азначае валоданне, моц, дамінаванне, поспех. Аднак для Бога ўлада — гэта служэнне, пакора і любоў. Пра гэта казаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у разважанні перад нядзельнай малітвай «Анёл Панскі». Адбылася яна 29 студзеня 2012 г. на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Нядзельнае Евангелле, як нагадаў Папа, распавядае пра тое, як Езус ў суботу (дзень шабату) прапаведаваў у Кафарнауме, дзе жылі Пётр і яго брат Андрэй. Пасля навучання, што выклікала здзіўленне шматлікіх людзей, адбываецца ачышчэнне апантанага чалавека, вызваленне яго ад нячыстага духа. Cловы Пана пацвярджаюцца і падмацоўваюцца ўчынкамі.

«Слова, якое Езус скіроўваў да людзей, адразу адкрывала іх на волю Айца і праўду аб саміх сабе. Аднак, не так было ў выпадку з кніжнікамі ў Пісанні, якія павінны былі прыкласці намаганні, каб зразумець Святое Пісанне з дапамогай шматлікіх разважанняў. Езус жа яднаў сваё слова са знакамі вызвалення ад зла», — адзначыў Пантыфік.

«Сіла Бога не з’яўляецца сілай прыроды. Гэта сіла Божай любові, якая стварыла сусвет, і прыняўшы цела ў Адзінародным Сыне сышла да ўзроўню нашай чалавечнасці і аздаравіла свет ад граху, — цытуе Святога Айца Ватыканскае радыё. — Часта для чалавека ўлада азначае валоданне, сілу, дамінаванне, поспех. Для Бога, наадварот — улада азначае служэнне, пакору, любоў; значыць увайсці ў логіку Езуса, які схіляецца над вучнямі, каб абмыць ім ногі, які шукае сапраўднага дабра для чалавека, лечыць раны і здольны да такой вялікай любові, што можа аддаць сваё жыццё, бо сам з’яўляецца Любоўю».

Пасля малітвы Святы Айцец прывітаў шматлікую моладзь з руху «Каталіцкая акцыя», якая прыбыла на плошчу Святога Пятра ў суправаджэнні сваіх бацькоў і настаўнікаў. Папа падзякаваў ім за ініцыятыву «Караван спакою» і заахвоціў працягваць несці свету спакой Хрыста. Пасля хлопчык і дзяўчынка, што стаялі побач з Папам, зачыталі ліст-зварот да Пантыфіка і, як сімвал спакою, выпусцілі галубоў.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.