Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: вера — галоўны сродак у змаганні з хваробамі
Святы Айцец
06.02.2012 12:14

Клапаціцца і суцяшаць хворых, а таксама памятаць пра веру — галоўны сродак у змаганні з хваробамі. Аб гэтым нагадаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у разважанні да нядзельнай малітвы «Анёл Панскі» падчас агульнай аўдыенцыі 5 лютага 2012 г.

Звяртаючыся да ўрыўка з нядзельнага Евангелля аб аздараўленні цешчы Сымона Пятра, Пантыфік нагадаў, што хваробы з’яўляюцца сімвалам дзейнасці зла ў свеце і чалавеку, у той час як аздараўленні паказваюць, што Валадарства Божае блізка. «Езус Хрыстус прыйшоў перамагчы зло ў корані. Аздараўленне — гэта шлях яго перамогі, якая адбылася праз смерць і ўваскрасенне», — адзначыў Папа.

«Хваробы — гэта такі стан, у якім людзі моцна адчуваюць, што не з’яўляюцца самадастатковымі і маюць патрэбу ў іншых. У гэтым кантэксце мы можам назіраць парадаксальную рэч: хвароба можа быць момантам аздараўлення, у якім можна адчуваць увагу іншых і дарыць сваю ўвагу. Аднак хвароба можа быць таксама выпрабаваннем, часам вельмі доўгім і цяжкім. Калі аздараўленне не прыходзіць і пакуты працягваюцца, мы можам адчуваць сябе падаўленымі, ізаляванымі, і тады наш стан становіцца прыгнечаным і менш чалавечым», — прыводзіць словы Папы Ватыканскае радыё.

Што ж рабіць у такой сітуацыі? Адказ, крыецца ў веры ў Божую любоў, якая можа зрабіць магчымым тое, што немагчыма для чалавека. «Як Езус перамог сатану сілай любові, якая прыходзіла да Яго ад Айца, таксама і мы можам перамагчы выпрабаванні, хваробы, трымаюцы свае сэрцы адкрытымі на любоў Бога», — патлумачыў Святы Айцец.

Напрыканцы разважанняў Бэнэдыкт XVI нагадаў, што 11 лютага адзначаецца Сусветны дзень хворых. «Зробім і мы так жа, як людзі ў часы Хрыста: духоўна прадставім яму ўсіх хворых, з верай у тое, што Ён можа іх аздаравіць», — дадаў Пантыфік.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.