Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI да новых кардыналаў: нельга ўсумніцца ў абранай дарозе
Святы Айцец
20.02.2012 10:47

18 лютага 2012 г. у ватыканскай базыліцы святога Пятра адбылася кансісторыя, падчас якой Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI уручыў дваццаці двум новым кардыналам пурпурныя берэты і пярсцёнкі — сімвалы кардынальскай годнасці, а таксама назваў тытулы Касцёлаў, у якія яны прызначаны.

Звяртаючыся да прысутных іерархаў, Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI адзначыў, што кожны кардынал абавязаны своечасова разглядаць і ацэньваць падзеі, праблемы і душпастырскія пытанні, якія датычаць місіі Касцёла.

«Новым кардыналам даручана паслуга любові: любові да Бога, Касцёла і братоў з абсалютнай і безумоўнай адданасцю, калі неабходна, аж да праліцця крыві, як гаворыць формула накладання берэта і сімвалізуе чырвоны колер кардынальскай вопраткі. Ад іх патрабуецца служэнне Касцёлу з любоўю і сілай, з яснасцю і мудрасцю настаўнікаў, з энергіяй і мужнасцю мучанікаў. Яны павінны быць выдатнымі слугамі Касцёла, які ў Пятра знаходзіць бачны фундамент адзінства», — прыводзіць словы Папы Ватыканскае радыё.

Святы Айцец адзначыў, што служэнне новых кардыналаў будзе адбывацца ў свеце, у якім змагаюцца паміж сабой панаванне і служба, эгаізм і альтруізм, валоданне і дар, разлік і бескарыслівасць. Але яны не могуць усумніцца ў дарозе, паказанай Хрыстом.

Святы Айцец узгадаў словы з Евангелля паводле св. Мацвея «Бо і Сын Чалавечы прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё дзеля адкуплення многіх». Гэтыя словы, на думку Пантыфіка, асвятляюць з незвычайнай інтэнсіўнасцю сённяшнюю публічную кансісторыю.

«Яны гучаць у глыбіні душы і з’яўляюцца заклікам і напамінам, даручэннем і падтрымкай асабліва для вас, дарагія і паважаныя браты, якія сёння былі залічаны да Калегіі кардыналаў», — дадаў Святы Айцец.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.