Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: мы патрабуем унутранага святла
Святы Айцец
05.03.2012 11:07

«Усе мы маем патрэбу ва ўнутраным святле, каб перамагаць жыццёвыя выпрабаванні. Гэтае святло прыходзіць ад Бога і дае нам яго Хрыстус», — нагадаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас разважанняў перад малітвай «Анёл Панскі» ў нядзелю 4 сакавіка 2012 г.

Пантыфік адзначыў, што другая нядзеля Вялікага посту называецца нядзеляй Перамянення Пана. «Літургія прапануе супрацьстаяць і перамагаць спакусы, прапануе нам узняцца разам з Хрыстом на гару малітвы, каб убачыць на Яго чалавечым абліччы пераможнае святло Бога», — дадаў Бэнэдыкт XVI.

Падзею перамянення Хрыста пацвярджаюць евангелісты Мацвей, Марк і Лука. Існуюць два асноўныя элементы гэтага здарэння. Першы заключаецца ў тым, што  Езус узяў вучняў Пятра, Якуба і Яна і павёў на вялікую гару і там „перамяніўся перад імі” (пар. Мк 9, 2). Другі элемент — гэта з’яўленне воблака, якое закрыла вяршыню гары і з якога пачуўся голас: „Гэта Сын Мой ўмілаваны, Яго слухайце“» (пар. Мк 9, 7).

«Таямніцу перамянення не трэба аддзяляць ад кантэксту шляху, па якім ішоў Езус. Ён рашуча скіроўваецца да завяршэння сваёй місіі, добра ведаючы, што, каб дасягнуць уваскрасення, павінен прайсці пакуты і смерць на крыжы. Аб гэтым Хрыстус адкрыта гаварыў вучням, які, аднак, не разумелі і нават не дапускалі такога ходу падзей, бо яны думалі не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае, — адзначыў Папа. — Таму Езус узяў з сабою трох з іх на гару і паказаў ім сваю Боскую хвалу, веліч праўды і любові. Езус хоча, каб гэтае святло асвятляла іх сэрцы, калі яны будуць пераходзіць цемру Яго пакут і смерці, калі драма крыжа будзе для іх невыноснай. (…) Пасля гэтай падзеі Хрыстус стане для іх унутраным святлом, якое будзе здольным абараняць іх ад нападаў цемры. Нават у самыя цёмныя ночы Езус ёсць святлом, якое ніколі не гасне».

«Дарагія сябры, усе мы маем патрэбу ва ўнутраным святле, каб перамагаць жыццёвыя выпрабаванні. Гэта святло прыходзіць ад Бога і дае нам яго Хрыстус; Той, у якім жыве паўната боскасці», — прыводзіць словы Святога Айца Ватыканскае радыё.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.