Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік узначаліў літургію Пальмовай нядзелі
Святы Айцец
02.04.2012 12:11

Ва ўрачыстасць Пальмовай нядзелі Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узначаліў літургію на плошчы Святога Пятра ў Рыме. Падчас Імшы Пантыфік благаславіў аліўкавыя галінкі, якія прынеслі з сабой вернікі і якія падрыхтавалі тэхнічныя службы Ватыкана.

У гаміліі Пантыфік нагадаў, што Езус уваходзіць у Ерузалем, каб выканаць словы Пісання і быць прыбітым да крыжа — трону, з якога будзе валадарыць, прыцягваючы да сябе людзей усіх часоў і даючы кожнаму дар адкуплення. Святы Айцец падкрэсліў, што Езус ідзе ў Ерузалем дарогай, па якой павінен ісці Месія. Вучні і шматлікія пілігрымы, якія прыбылі ў святы горад, вітаюць Яго воклічам: «Гасанна Сыну Давіда!» Гэта радасць, па словах Папы, сведчыць пра тое, што «ў Езусе Бог наведаў свой народ і так чаканы Месія ўрэшце прыбыў».

«Але кім для нас з’яўляецца Езус з Назарэта? Што мы думаем пра Месію, пра Бога? — цытуе словы Святога Айца Ватыканскае радыё. — Гэта важнае пытанне, якога мы не можам пазбегнуць, тым больш, што менавіта на гэтым тыдні мы закліканы ісці за нашым Валадаром, які сваім тронам абраў крыж. Мы пакліканы ісці за Месіяй, які не гарантуе нам зямнога шчасця, але шчасце нябеснае, благаслаўленне Бога. Мы павінны задаць сабе пытанне: якія нашы рэальныя чаканні? Якія нашы найглыбейшыя жаданні, з якімі мы прыбылі сёння сюды, каб святкаваць Пальмовую нядзелю і пачаць Вялікі тыдзень?»

Урачыстасць праходзіла таксама пад знакам Сусветнага дня моладзі Рымскай дыяцэзіі, таму Святы Айцец заклікаў маладых людзей, каб Пальмовая нядзеля стала для іх днём рашэння прыняць Пана і ісці за Ім, «рашэння зрабіць Яго пакуты, смерць і ўваскрасенне сэнсам вашага хрысціянскага жыцця».


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.