Па традыцыі ў Пальмовую нядзелю, 1 красавіка 2012 г., моладзь Гродна і ваколіц сустрэлася на пабернардынскім узгорку. Тут адбыўся Дзень моладзі, які ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Сёлета моладзь Гродзенскай дыяцэзіі духоўна ядналася са сваімі равеснікамі з усяго свету, перажываючы ўжо 27-ы Сусветны дзень моладзі. У гэты дзень, устаноўлены ў 1984 г. благаслаўлёным Янам Паўлам ІІ, Касцёл радуецца сваім маладым вернікам, якія ўзбагачаюць яго жыццё.
Дэвізам сустрэчы моладзі сталі словы св. Паўла з Паслання да Філіпянаў: «Радуйцеся заўсёды ў Пану!» Праз гэты заклік адкрываецца сэнс хрысціянскай радасці.
Біскуп Кашкевіч прывітаў усіх прысутных і ўрачыста асвяціў прынесеныя імі пальмовыя галінкі. Варта адзначыць, што ўжо некалькі гадоў гродзенская моладзь рыхтуе да Пальмовай нядзелі вялікія пальмы. Такім чынам маладыя хрысціяне жадаюць паказаць, што выбіраюць Хрыста, запрашаючы Яго ў сваё жыццё. Вяртаючыся ў свае парафіі і дамы, яны сведчаць, што з’яўляюцца вучнямі Езуса, свайго адзінага Настаўніка.
Затым адбылася працэсія з пальмовымі галінкамі па вуліцах горада. Спевам урачыстасць упрыгожыла моладзь парафіі Маці Божай Анёльскай. Пасля біскуп Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў гродзенскай катэдры.
У гаміліі іерарх звярнуўся да паслання папы Бэнэдыкта XVI на сёлетні Сусветны дзень моладзі. Біскуп заклікаў моладзь шукаць адказ на пытанне, як перажыць сваю маладосць з Хрыстом і ў Яго Касцёле. Спасылаючыся на пасланне Пантыфіка, іерарх падкрэсліў, што варта найперш адкрыць сэнс хрысціянскай радасці, імкненне да якой жыве ў глыбіні кожнага чалавечага сэрца.
«Першай прычынай нашай радасці павінна быць блізкасць Бога, які нас прымае і любіць, — адзначыў біскуп Кашкевіч. — Пан Езус хоча прывесці сваіх вучняў і кожнага з нас да поўнай радасці, той радасці, якую Ён падзяляе з Айцом, каб любоў, якою Яго любіць Айцец, была ў нас».
Радасць, па словах біскупа, можна мець, пакладаючы сваю надзею ў Езусе. Іерарх заахвоціў моладзь распазнаваць дзеянні Бога ў сваім жыцці і адкрываць Яго ў падзеях кожнага дня.
Біскуп заклікаў маладых вернікаў чэрпаць духоўную радасць з кожнай нядзельнай святой Імшы. «Падчас Эўхарыстыі мы сустракаемся з уваскрослым Панам, які раз’ясняе нам Святое Пісанне і сілкуе сваім Найсвяцейшым Целам. У школе Эўхарыстыі нам трэба вучыцца гэтай праўдзівай радасці духа і свабодзе сэрца», — дадаў іерарх.
Біскуп Кашкевіч заахвоціў моладзь змагацца з грахом і спакусамі гэтага свету, часцей прыступаць да сакрамэнту пакаяння, каб нанава адкрыць радасць хрысціянскага жыцця.
Таксама біскуп падзякаваў маладым хрысціянам за прысутнасць і сведчанне веры. «Будзем маліцца, каб аздараўляючая ласка Хрыста вылечыла зраненыя грахом сэрцы і ўзмацняла нас у перакананні, што мы вельмі патрэбны Хрысту, Касцёлу, Беларусі, нашай дыяцэзіі і ўсяму свету», — такія словы скіраваў біскуп да прысутных.
Спевы падчас святой Імшы падрыхтаваў семінарыйны гурт «Ave», а літургічнае аздабленне — моладзь парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля.
Кс. Юрый Марціновіч
|