Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Імша з удзелам Апостальскага Нунцыя і Мітрапаліта Кандрусевіча адбылася ў Пальмовую нядзелю ў Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
24.03.2013 16:16

24 сакавіка 2013 г. у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адбылася святая Імша з удзелам Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці і Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. У гэты дзень адзначаецца Пальмовая нядзеля або Нядзеля Мукі Пана.

Літургія распачалася асвячэннем вербаў. На пачатку Імшы Мітрапаліт прывітаў Апостальскага Нунцыя, які ў гэты дзень упершыню прадстаўляў папу Францішка сярод вернікаў архікатэдральнага касцёла.

Як адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, падобна як больш за 2000 гадоў таму людзі віталі Езуса, які ўрачыста ўязджаў у Ерузалем, сёння ўдзельнікі літургіі таксама вітаюць Хрыста галінкамі вербы, а асабліва сваімі сэрцамі.

У гаміліі Мітрапаліт нагадаў, што сённяшняе набажэнства ўводзіць католікаў у Вялікі тыдзень, які кажа пра падзею, веліч якой немагчыма параўнаць ні з чым, — пра адкупленне чалавека. «Езус, ведаючы, што прыйшоў Яго час, што павінен крыжовай смерцю адкупіць чалавецтва, накіроўваецца ў Ерузалем; Кароль каралёў уваходзіць у горад, — адзначыў іерарх. — Збаўца свету нясе на сабе грахі ўсіх часоў — таксама і нашы». Як дадаў арцыпастыр, пальма, галінкамі якой людзі віталі Хрыста, з’яўляецца сімвалам перамогі — і людзям асабліва неабходна перамога над грахом і смерцю. Аднак праходзіць некаторы час — і тыя ж людзі, якія сустракалі Езуса, патрабуюць укрыжаваць Яго.

«Прайшло больш за 2000 гадоў — але ці змянілася штосьці? — задаў Мітрапаліт пытанне вернікам. — Ці жывем мы сапраўды паводле евангельскага радыкалізму? Калі ж не — такое хрысціянства з’яўляецца штучным». «Не толькі ў святы, але і пасля іх мы павінны заставацца сапраўднымі хрысціянамі, што сведчаць усюды сваю веру, якой так патрабуе сучасны свет», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Мітрапаліт дадаў, што новаабраны папа Францішак сваё першае разважанне перад малітвай «Анёл Панскі» ў мінулую нядзелю прысвяціў Божай міласэрнасці, кажучы, што Бог ніколі не стамляецца прабачаць, у адрозненне ад людзей, якія лічаць, што стаміліся прасіць Яго аб прабачэнні. Падчас жа інаўгурацыйнай святой Імшы Пантыфік падкрэсліў, што ўсе мы павінны апекавацца ўсім светам і стварэннем, а для гэтага неабходна даць месца Богу ў сваіх сэрцах. «Вялікі тыдзень павінен стаць для нас сапраўды вялікім — каб памерці для граху і ўваскрэснуць для вечнага жыцця», — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Напрыканцы літургіі да прысутных звярнуўся Апостальскі Нунцый. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці перадаў удзельнікам Імшы першае прывітанне і першае благаслаўленне ад папы Францішка. «Я перакананы, што ў яго сэрцы ёсць асобнае месца для католікаў у Беларусі і што яго блізкасць да нас мае асаблівы характар у гэты Вялікі тыдзень, — сказаў прадстаўнік Святога Айца. — Гэты тыдзень Мукі Пана — таксама гісторыя беларускага народа, якую можна назваць адным доўгім Вялікім тыднем. І гэты Папа, які перажывае пакуты свету як свае ўласныя, з асаблівай увагай ставіцца да тых, хто пакутуе ў гэтым свеце. Ён, будучы сапраўдным лацінаамерыканцам, які мае надзею і радасць у жыцці, ведае, што напрыканцы кожнага цяжкага перыяду, як у канцы тунэлю, ёсць святло». «Святло Божай міласэрнасці чакае таксама і беларускі народ», — адзначыў арцыбіскуп.

«Бачачы стыль гэтага Папы, я б хацеў, каб ён быў побач з намі ў гэты Вялікі тыдзень, так, як ён умее гэта рабіць — сціпла і незаўважна, — дадаў Апостальскі Нунцый. — Папа Францішак жадаў бы быць у доме кожнага з вас як член вашай сям’і». Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці пажадаў удзельнікам літургіі «добрага пілігрымавання праз Вялікі тыдзень разам з папам Францішкам, несучы яго ў сэрцах».

Анастасія Грышан

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме