Бэнэдыкт ХVI наведаў пацярпелую ад землятрусу поўнач Італіі |
Святы Айцец |
26.06.2012 15:27 |
26 чэрвеня Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI наведаў рэгіён Эмілія-Раманья ў Паўночнай Італіі, які пацярпеў ад землятрусу 29 мая гг. Пантыфік прыбыў падтрымаць ахвяр бедства і прынесці ім надзею. Паводле інфармацыі Ватыканскага радыё, спачатку Святы Айцец наведаў горад Карпі, адкуль накіраваўся ў Равэрэта дзі Нові, дзе наведаў моцна пашкоджаны касцёл св. Кацярыны Александрыйскай, пад заваламі якога загінуў мясцовы пробашч. З жыхарамі горада і рэгіёна Папа сустрэўся на Спартыўнай плошчы горада. «Я абдымаю сэрцам і думкамі ўсе мясцовасці і іх жыхароў, якія панеслі ўрон ад землятрусу, асабліва сем’і і супольнасці, што аплакваюць загінуўшых ад гэтага няшчасця», — сказаў Папа прысутным у Равэрэта. Святы Айцец паабяцаў, што пацярпелыя ніколі не застануцца самотнымі. І пацвярджэннем гэтаму служаць апошнія тыдні, калі пацярпелыя адчулі салідарнасць і дапамогу шматлікіх асоб. «Мая прысутнасць сярод вас з’яўляецца адным з такіх знакаў любові і надзеі. Гледзячы на вашыя землі, я адчуў глыбокія эмоцыі, бачачы шматлікія раны», — падзяліўся Папа і дадаў, што бачыў шмат людзей, якія хочуць загаіць іх. «Касцёл быў і будзе побач з вамі ў сваёй малітве і канкрэтнай дапамозе праз свае арганізацыі, асабліва „Caritas”, які будзе садзейнічаць адбудове парафіяльных структур», — паабяцаў Бэнэдыкт ХVI. Пантыфік заклікаў дзяржаўныя ўстановы і людзей добрай волі да салідарнасці з пацярпелымі ад землятрусу. |