Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: наследаваць Бога — значыць выйсці за межы саміх сябе
Святы Айцец
27.06.2012 15:42

Пасланню да Філіпянаў, напісаным святым Паўлам падчас яго знаходжання ў вязніцы, прысвяціў агульную аўдыенцыю Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Аўдыенцыя ў сераду 27 чэрвеня прайшла ў зале Паўла VI і стала апошняй перад выездам Папы на адпачынак.

У катэхезе Пантыфік звярнуў увагу на цэнтральнае месца «хрысталагічнага гімна» ў Пасланні да Філіпянаў, які ў хрысціянскай традыцыі атрымаў назву «Сarmen Christo». У ім святы Павел заклікае імкнуцца наследаваць паводзіны Хрыста і Яго спосаб мыслення: любоў, шчодрасць, пакору, паслухмянасць Богу, дар з самаго сябе.

«Гаворка ідзе не проста аб тым, каб наследаваць Езуса выключна ў маральным сэнсе, але аб’яднаць усю сваю сутнасць з Яго спосабам мыслення і дзеяння. Малітва павінна весці нас да знаёмства і адзінства ў любові з Панам, яна павінна пастаянна паглыбляцца, каб мець магчымасць думаць, дзейнічаць і любіць як Ён, у Ім і для Яго», — прыводзіць словы Бэнэдыкта XVI Ватыканскае радыё.

Пантыфік падкрэсліў, што ў малітве, у нашых адносінах з Богам мы адкрываем розум, сэрца і волю на дзейнасць Святога Духа, каб увайсці ў такую ж жыццёвую дынаміку. Аднак, на думку Святога Айца, людская логіка, наадварот, часта шукае рэалізацыі самога сябе ва ўладзе, панаванні, моцных сродках. Чалавек уласнымі сіламі працягвае будаваць Вавілонскую вежу, каб самаму дасягнуць вышыняў Бога, каб быць як Бог.

«Уцелаўленне Хрыста нагадвае, што поўная рэалізацыя заключаецца ў параўнанні ўласнай чалавечай волі з воляй Айца, у пазбаўленні ад уласнага эгаізму, каб напоўніцца любоўю ў любові Бога, і такім чынам стаць па-сапраўднаму здольнымі любіць іншых. Чалавек не знаходзіць самога сябе застаючыся ў самім сабе, сцвярджаючы самога сябе. Чалавек знаходзіць сябе толькі выходзячы за межы самога сябе. Калі Адам жадаў быць падобным на Бога, то не рабіў кепска, але меў няправільнае ўяўленне аб Ім», — адзначыў Пантыфік.

Бог, як падкрэсліў Бэнэдыкт XVI, — гэта не той, хто хоча толькі велічы, гэта любоў, якая дорыць сама сябе напачатку ў Тройцы, а затым у Стварэнні. Наследаваць Бога азначае выйсці за межы саміх сябе, падарыць сябе ў любові.

Як нагадаў Пантыфік, Пасланне да Філіпянаў дае нам два важныя для малітвы ўказанні: па-першае, зварот «Пан» у адносінах да Хрыста, а па-другое, заклікае да малітвы на каленях. 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.