Папа выдаў Апостальскія лісты, прысвечаныя новым дактарам Касцёла |
Святы Айцец |
08.10.2012 15:35 |
8 кастрычніка Святы Айцец Бэнэдыкт XVI выдаў два Апостальскія лісты, прысвечаныя новым дактарам Касцёла — св. Хільдэгардзе з Бінгена і св. Яну Авільскаму. У першым дакуменце Папа падкрэсліў незвычайную гармонію св. Хільдэгарды, з якой святая спалучала навучанне Касцёла са штодзённым жыццём, інтэлектуальныя якасці са здольнасцю пранікнуць у містычную рэальнасць. Навучанне св. Хільдэгарды, паводле Пантыфіка, адзначаецца «выдатнасцю сваёй глыбіні і дакладнасцю інтэрпрэтацыі, а таксама арыгінальнасцю і спосабам бачання». Яго натхненне ляжыць у «інтэлектуальнай любові» і вылучаецца свежасцю і глыбінёй у сузіранні таямніцы Найсвяцейшай Тройцы, Уцелаўлення, Касцёла і чалавецтва. Як інфармуе Ватыканскае радыё, Пантыфік адзначыў важнасць надання тытулу доктара Касцёла св. Хільдэгардзе «як жанчыне, як прыкладу каштоўнасцяў жаноцкасці ў Касцёле». У другім Апостальскім лісце, прысвечаным св. Яну Авільскаму, Папа нагадаў, што ў сваім навучанні святы пастаянна спасылаўся на хрост і адкупленне праз святасць. Ён тлумачыў, што хрысціянскае духоўнае жыццё, якое з’яўляецца ўдзелам у жыцці Найсвяцейшай Тройцы, грунтуецца на Божай ласцы. Па прыкладу Боскіх Асобаў хрысціяне павінны яднаць сваё жыццё з Богам і братамі, — быў перакананы іспанскі святы. (AG) |