Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На кансісторыі Папа надаў кардынальскую годнасць шасці іерархам
Святы Айцец
24.11.2012 16:56

24 лістапада ў базыліцы св. Пятра за мурамі ў Ватыкане адбылася кансісторыя, падчас якой Святы Айцец надаў кардынальскую годнасць шасці іерархам. У гаміліі Папа падкрэсліў, што місія Хрыста «арыентавана на ўсяго чалавека і кожную асобу, пераўзыходзячы любыя этнічныя, нацыянальныя і рэлігійныя асаблівасці».

Новыя кардыналы — гэта арцыбіскуп Джэймс Харві, прэфект Папскага дому; мараніцкі Патрыярх Антыёхіі Бешара Раі з Лівана; Вярхоўны арцыбіскуп для католікаў сіра-маланкарскага абраду ў Індыі Базэліос Тотункал; арцыбіскуп Абуджы Джон Анаекан з Нігерыі; арцыбіскуп Баготы Рубэн Гомес з Калумбіі і арцыбіскуп Манілы Луіс Тагле з Філіпін.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што менавіта наследуючы Езуса Касцёл імкнецца перамагаць любыя падзелы. «Калі апосталы казалі аб Касцёле, яны не казалі аб уласнай супольнасці, але аб Касцёле Хрыста, і настойвалі на адзінай ідэнтычнасці, паўсюднай і цалкам „каталіцкай”, якая рэалізуецца ў кожным лакальным Касцёле», — падкрэсліў Папа, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё.

Па словах Пантыфіка, «Калегія кардыналаў прадстаўляе сабой разнастайнасць абліччаў і такім чынам адлюстроўвае аблічча Паўсюднага Касцёла». «Праз гэтую кансісторыю я хацеў бы асаблівым чынам падкрэсліць, што Касцёл — гэта Касцёл усіх народаў, і таму ён выражаецца праз розныя культуры на розных кантынентах», — сказаў Папа.

Звяртаючы да новых кардыналаў, Бэнэдыкт XVI нагадаў аб іх абавязку вернасці Хрысту і Евангеллю і паслухмянасці Святому Апостальскаму Рымскаму Касцёлу. «Атрымліваючы чырвоны берэт, памятайце: ён сведчыць, што вы павінны быць гатовымі да мужных паводзін, аж да праліцця ўласнай крыві, дзеля ўмацавання хрысціянскай веры, згоды і супакою народу Божага. У той жа час уручэнне пярсцёнка будзе суправаджацца настаўленнем: „Ведай, што з любоўю да Князя Апосталаў умацоўваецца твая любоў да Касцёла”», — нагадаў іерархам Папа.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што праз гэтыя выразы кардыналам надаецца выключная роля ў Касцёле.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.