Старшыня Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі падкрэсліў, што Папа «ясна казаў аб магчымасці» скласці з сябе паўнамоцтвы Наступніка святога Пятра ў кнізе-інтэрв’ю «Святло свету», а таксама меў звычку асцярожна і разважліва казаць аб будучых падзеях свайго Пантыфікату, даваў зразумець, што выконвае даручаную яму місію, а не карыстаецца атрыманай уладай.
«Сапраўды, не былі праявай фальшывай пакоры словы, якімі ён акрэсліў сябе на самым пачатку Пантыфікату — „сціплы працаўнік вінаградніка Пана”», — дадаў кс. Ламбардзі. Святар адзначыў, што Папа ўважліва і мудра размяркоўваў свае фізічныя сілы, якія не былі надзвычайнымі, каб як мага лепш выконваць вялікае заданне, якое яму было даверана нечакана і ў даволі сталым узросце.
Паводле кс. Ламбардзі, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё, першасная прычына рашэння Пантыфіка заключаецца не ў недахопе фізічных сіл, але ва ўсведамленні таго, што адказ на вялікія праблемы Касцёла і свету патрабуе моцнага запалу і часу.
«Бэнэдыкт XVI не пакідае нас у момант цяжкасцяў», — лічыць старшыня Прэс-службы Апостальскай Сталіцы, дадаючы, што Папа «амаль фізічна адчуваў» малітву вернікаў і заклікаў іх адчуць сваю малітву і любоў, і, «магчыма, гэтыя духоўныя адносіны будуць яшчэ больш глыбокімі і моцнымі, чым раней».
(AG)
|