Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальская Сталіца пра будучы тытул Бэнэдыкта XVI і перыяд sede vacante
Святы Айцец
26.02.2013 16:44

Падчас сустрэчы з журналістамі 26 лютага кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі паведаміў, што пасля сыходу з пасады Наступніка святога Пятpа Папу будуць называць «Яго Святасць Бэнэдыкт XVI», «Папа на пенсіі» або «Рымскі Пантыфік на пенсіі».

Таксама святар паінфармаваў, што на заўтрашняй агульнай аўдыенцыі чакаецца каля 50 тысяч удзельнікаў. У сувязі з нацыянальнай пілігрымкай з нагоды 1150-годдзя місіі святых Кірыла і Мятода сярод прысутных вернікаў будзе асабліва шмат славакаў. Пасля ў Клементыйскай зале Папа сустрэнецца з кіраўнікамі дзяржаў, у тым ліку прадстаўнікамі Славакіі, Сан-Марына, Баварыі і Андоры.

Пасля заканчэння свайго Пантыфікату, па словах кс. Ламбардзі, Папа будзе апранаць белую сутану без пелерыны, але не будзе ўжо насіць ботаў чырвонага колеру. Таксама Бэнэдыкт XVI не будзе ўжываць пярсцёнак Рыбака, а замест яго — свой біскупскі пярсцёнак.

Кажучы пра перыяд sede vacante, кс. Ламбардзі адзначыў, што верагодней за ўсё генеральныя кангрэгацыі Калегіі кардыналаў пачнуцца пасля нядзелі 3 сакавіка і будуць адбывацца раніцай і вечарам. Рашэнне аб тым, колькі кангрэгацый пройдзе, прымуць самі кардыналы.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.