Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Нават Папа спавядаецца кожныя 15 дзён» |
Слова Папы |
20.11.2013 16:51 |
«Бог ніколі не стамляецца прабачаць», — адзначыў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 20 лістапада. У цэнтры ўвагі Пантыфіка стала тэма адпушчэння грахоў у кантэксце так званай «улады ключоў» – біблійнага сімвалу місіі, якую Езус даверыў апосталам.
Паводле Францішка, словы Хрыста: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца», з’яўляюцца заданнем перадаваць «новае жыццё, адноўленае прабачэннем». Папа падкрэсліў, што перш чым «падарыць Духа, Езус паказаў свае раны», якія уяўляюць сабой кошт нашага збаўлення. Святы Дух прыносіць нам Божае прабачэнне, праходзячы праз раны Езуса, адзначыў Папа. Святы Айцец падкрэсліў, што Касцёл з’яўляецца распарадчыкам «улады ключоў». «Бог прабачае кожнага чалавека ў сваёй “суверэннай міласэрнасці”, але Ён пажадаў, каб тыя, хто належаць Хрысту і Яго Касцёлу, атрымлівалі прабачэнне праз слугаў Супольнасці», — сказаў Пантыфік. Папа Францішак заклікаў не баяцца прыступаць да сакрамэнту споведзі, памятаючы, што Бог не стамляецца прабачаць грэшнікаў. Ён адзначыў, што варта «адзін раз пачырванець», вызнаючы грахі, каб атрымаць прабачэнне і працягваць ісці наперад. Святы Айцец падкрэсліў, што споведзь тычыцца усіх, у тым ліку і святароў, біскупаў. «Нават Папа спавядаецца кожныя 15 дзён, таму што Папа таксама грэшнік. А спавяднік чуе рэчы, якія я яму апавядаю, дае парады і дае мне прабачэнне, таму што мы ўсе маем патрэбу ў гэтым прабачэнні», — сказаў Францішак. Пантыфік адзначыў каштоўнасць служэння святара, які з’яўляецца «прыладай прабачэння грахоў». «Часам даводзіцца чуць, што нехта хоча спавядацца непасрэдна Богу. Так, як я казаў перад гэтым, Бог заўсёды выслухае, але ў сакрамэнце прымірэння Ён пасылае брата, каб прынесці табе прабачэнне, упэўненасць у прабачэнні, ад імя Касцёла», — адзначыў Святы Айцец. «Служэнне, якое святар здзяйсняе як слуга Божы, прабачаючы грахі, — вельмі далікатнае і патрабуе, каб яго сэрца было ў супакоі; каб не адносіўся кепска да вернікаў, каб быў ціхім, добразычлівым і міласэрным, здольным сеяць у сэрцах надзею, і, перш за ўсё, каб усведамляў, што браты і сёстры, якія прыходзяць да споведзі, шукаюць прабачэння. Ён павінен яго ўдзяляць, як Езус многім людзям, якія прыходзілі да Яго за аздараўленнем. Лепш, каб святар, які не мае такой духоўнай паставы, не здзяйсняў дадзены сакрамэнт, пакуль не выправіцца», — сказаў Папа. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.