Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа: Бог не пакідае без падтрымкі тых, хто Яму давярае
Слова Папы
25.11.2013 16:39

Неабходна давяраць Богу заўсёды, нават у “крайніх сітуацыях”, — звярнуў увагу Папа Францішак падчас Эўхарыстыі 25 лістапада. Пантыфік засяродзіўся на постацях, прадстаўленых у літургічных чытаннях: яўрэйскіх юнаках, якія засталіся вернымі Богу, будучы ў рабстве ў Навухаданосара, і беднай удаве, якая ахвяравала на святыню ўсё, што мела.

Паводле Святога Айца, яны рызыкавалі жыццём, але мужна выбралі Пана: “У сваёй рызыцы яны зрабілі выбар на карысць Пана, ад усяго сэрца, без асабістай зацікаўленасці, без дробязнасці. (...) І зрабілі так – я дазволю сабе гэтае слова – без фанатызму (...). Яны даверыліся, бо ведалі, што Пан верны. Яны даверыліся гэтай вернасці, якая заўсёды ёсць, таму што Пан не можа змяніцца: Ён заўсёды верны – не можа быць няверным, не можа адмаўляць самога сябе”.

Папа падкрэсліў, што тых, хто давярае Пану, Ён не пакідае без падтрымкі: яўрэйскія юнакі выйшлі са складанай сітуацыі, а удава была праслаўлена. Па словах Святога Айца, моцны давер да Бога важны як у малых справах, так і ў вялікіх. Пантыфік заклікаў браць прыклад з хрысціян, якія сёння падвяргаюцца пераследу за веру, але таксама са звычайных маці і бацькаў, якія ўтрымліваюць свае сем’і, робячы мужныя выбары на карысць Бога і не ідучы на кампрамісы са злом. “Гэта вялікае багацце Касцёла”, – падкрэсліў Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.