Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа: калі жывём у еднасці з Хрыстом, зможам з надзеяй і спакоем прыняць смяротны пераход
Слова Папы
27.11.2013 13:23

Калі смерць разглядаецца як канец усяго, яна пужае, але ў сэрцы чалавека ёсць “інстынкт”, які падказвае, што жыццё не заканчваецца ёю, — пра гэта сказаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 27 лістапада.

Паводле Святога Айца, існуе памылковы погляд на смерць, якая “тычыцца ўсіх нас” і ўздымае шмат пытанняў, асабліва калі памірае нехта з блізкіх. “Мяне заўсёды турбавала: чаму пакутуюць дзеці? Чаму дзеці паміраюць?” — прызнаўся Пантыфік. Папа падкрэсліў, што, “калі смерць разумеецца як канец усяго”, яна палохае, “ператвараецца ў пагрозу, што разбурае любыя мары і перспектывы”.

“Такое ўспрыняцце смерці ўласціва атэізму, для якога існаванне – гэта выпадковае знаходжанне ў свеце і шлях у нікуды. Але існуе таксама практычны атэізм – жыццё толькі для ўласных інтарэсаў і зямных спраў. Калі мы дазволім гэтаму памылковаму погляду на смерць авалодаць намі, не будзем мець іншага выхаду, як толькі ўтойваць смерць, адмаўляць яе, баналізаваць, каб яна нас не пужала”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што такое памылковае ўяўленне ўздымае пратэст у сэрцы чалавека, супярэчыць “яго жаданню бясконцасці і настальгіі па вечнасці”, і нават калі губляем дарагога чалавека, у сэрцы паўстае перакананасць у тым, што не ўсё скончана. “Існуе моцны інстынкт унутры нас, які кажа, што жыццё не заканчваецца са смерцю”, - сказаў Пантыфік.

“Гэтая прага жыцця знайшла свой рэальны і пераканаўчы адказ ва ўваскрасенні Езуса Хрыста. Уваскрасенне Езуса не толькі дае перакананасць у жыцці пасля смерці, але таксама асвятляе таямніцу самой смерці кожнага з нас. Калі жывём у еднасці з Хрыстом, у вернасці Яму, будзем здольнымі з надзеяй і спакоем прыняць і смяротны пераход”, - дадаў Папа.

Па словах Святога Айца, наша ўспрыняцце смерці залежыць ад таго, наколькі ў жыцці мы давяраем Пану і ідзём адным шляхам з Ім.

“Асоба, як правіла, памірае так, як жыла. Калі маё жыццё было шляхам з Панам, даверам Яго бясконцай міласэрнасці, я буду падрыхтаваны прыняць апошні момант майго існавання як канчатковае і даверлівае адданне ў адкрытыя рукі, у чаканні сузірання тварам у твар Яго аблічча”, - сказаў Папа.

Святы Айцец дадаў, што ў такой перспектыве неабходна глядзець на заклік Хрыста чуваць, “ведаючы, што жыццё нам дадзена, каб падрыхтавацца да іншага жыцця, з Айцом Нябесным”. “Добра рыхтавацца да смерці”, паводле Папы, трэба прабываючы блізка з Езусам праз малітву, сакрамэнты і ўчынкі міласэрнасці. Пантыфік заклікаў памятаць, што Бог прысутны ў самых слабых і бедных. “Хто практыкуе міласэрнасць, не баіцца смерці”, - паўтарыў Папа некалькі разоў.

На заканчэнне аўдыенцыі Святы Айцец асаблівым чынам прывітаў групу пілігрымаў з Украіны, якія прыбылі ў Рым з нагоды святкавання 50-годдзя перанясення рэкліквій св. Язафата Кунцэвіча ў базыліку св. Пятра. Разам з імі ў Рым прыбылі і грэка-каталіцкія пілігрымы з Беларусі. Паводле Папы, “прыклад гэтага святога, які аддаў сваё жыццё за Пана і адзінства Касцёла, — гэта заклік да кожнага, каб штодзённа працаваць на карысць адзінства паміж братамі”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.