Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: час Адвэнту вяртае нам гарызонт надзеі, якая не расчаруе
Слова Папы
01.12.2013 18:20

"Час Адвэнту, які мы пачынаем сёння нанова, вяртае нам гарызонт надзеі, надзеі, што не расчаруе, таму што яна заснавана на Слове Божым. Надзеі, якая не расчаруе, проста таму, што Пан ніколі не расчароўвае", - сказаў Святы Айцец перад малітвай “Анёл Панскі” 1 снежня. Папа нагадаў таксама, што ў першы дзень снежня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы са СНІДам.

Папа выказаў блізкасць да людзей, якія пакутуюць ад СНІДу, асабліва да дзяцей, і падтрымку “ціхай працы” шматлікіх місіянераў і людзей, якія працуюць дзеля дапамогі хворым, урачоў і даследчыкаў. “Кожны хворы чалавек, без выключэння, мае права мець доступ да медыцынскай дапамогі, патрэбнай яму”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Па словах Пантыфіка, Адвэнт нагадвае пачатак падарожжа з Богам, якое ніколі не заканчваецца. “Мы пачынаем сёння, у Першую нядзелю Адвэнту, новы літургічны год, гэта значыць новае падарожжа Божага народу з Езусам Хрыстом, нашым Пастырам, які вядзе нас у гісторыі да поўні Божага Валадарства, - сказаў Папа - Таму гэты дзень мае асаблівую прывабнасць, ён нараджае глыбокае адчуванне гісторыі. Адкрыйма ж для сябе прыгажосць быцця на шляху: Касцёл, са сваім пакліканнем і місіяй, і ўсё чалавецтва, народы, цывілізацыі, культуры - усе знаходзяцца на шляху па сцежках часу.

Але на шляху куды? Ці існуе агульная мэта? І што гэта за мэта? Пан адказвае прароку Ісаі, кажучы: “І станецца ў апошнія дні, што гара дому Пана будзе пастаўлена на вяршыні гораў і ўзвысіцца па-над пагоркамі, і пацякуць да яе ўсе плямёны. І пойдуць многія народы і скажуць: Прыйдзіце, і ўзыдзем на гару Пана ў дом Бога Якубава, і навучыць Ён нас сваім шляхам, і мы пойдзем Ягонымі сцежкамі” (2, 2-3 ). Гэта тое, што Ісая кажа пра мэту нашага падарожжа. Гэта ўніверсальная пілігрымка да агульнай мэты, якая ў Старым Запавеце названа Ерузалемам, дзе стаіць Святыня Пана, таму што адтуль, з Ерузалема, прыйшло аб’яўленне аблічча Бога і Яго закону. Аб’яўленне знайшло сваю поўню ў Езусе Хрысце, і “Святыняй Пана” стаў Ён сам, Слова, якое сталася целам. Ён кіруе і накіроўвае нашу пілігрымку, пілігрымку ўсяго народа Божага. У Яго святле таксама і іншыя народы могуць крочыць да Валадарства справядлівасці, да Валадарства спакою”.

“Гэта падарожжа ніколі не заканчваецца, - дадаў Папа. - Як і ў жыцці кожнага з нас заўсёды ёсць неабходнасць у змене, росце, аднаўленні пачуцця мэты свайго існавання, таму вялікай чалавечай сям’і пастаянна неабходна аднаўляць агульны гарызонт, да якога мы ўсе імкнемся. Гарызонт надзеі! Гэта той гарызонт, да якога варта падарожнічаць. Час Адвэнту, які мы пачынаем сёння нанова, вяртае нам гарызонт надзеі, надзеі, што не расчаруе, таму што яна заснавана на Слове Божым. Надзеі, якая не расчаруе, проста таму, што Пан ніколі не расчароўвае! Ён верны! Ён не расчаруе! Давайце падумаем і адчуем гэтую прыгажосць.

Мадэллю гэтых духоўных адносін, быцця і падарожжа па жыцці з’яўляецца Панна Марыя. Простая вясковая дзяўчына, якая сабрала ў сваім сэрцы ўсю Божую надзею! У Яе ўлонні Божая надзея прыняла цела, стала чалавекам, увайшла ў гісторыю – Езус Хрыстус. Яе “Магніфікат” – гэта песня Божага народу, які знаходзіцца на шляху, усіх людзей, якія пакладаюць надзею ў Богу, у сіле Яго міласэрнасці. Дазволім Ёй кіраваць намі. Яна – Маці, Мама, якая ведае, як весці нас. Дазволім Ёй накіроўваць нас у гэты час чакання і актыўнага чування”.

Пантыфік пажадаў усім сабраным на плошчы св. Пятра добрага перажывання Адвэнту.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.