Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: малітва павінна быць патрабуючай і ўпэўненай
Слова Папы
06.12.2013 14:31

Маліцца з настойлівасцю і ўпэўненасцю ў тым, што Бог выслухае просьбы, заклікаў Папа Францішак падчас ранішняй Імшы 6 снежня. Паводле Пантыфіка, маліцца па-сапраўднаму — значыць не баяцца турбаваць Бога і мець “сляпы давер” да Яго.

Папа ўказаў на прыклад евангельскіх сляпых, якія, ідучы за Езусам, крычалі: “Змілуйся над намі, Сыне Давіда!” Святы Айцец нагадаў, што Хрыстус сам вучыў настойлівасці ў малітве, апавядаючы прыпавесці пра надакучлівага сябра, які мог прыйсці апоўначы, каб папрасіць ежы, ці пра ўдаву, якая настойліва прасіла несправядлівага суддзю абараніць яе. “Напэўна, гэта гучыць кепска, але маліцца – гэта значыць крыху дакучаць Богу”, - сказаў Пантыфік, дадаўшы, што пракажоныя, якія прасілі Хрыста аб аздараўленні, не проста звярталіся да Яго некалькі разоў, але настойліва “крычалі і не стамляліся крычаць” аб сваёй патрэбе, - і менавіта так, на думку Святога Айца, Хрыстус вучыць маліцца.

“Езус кажа нам: “прасіце”, але таксама: “стукайце ў дзверы”, а хто стукае ў іх, робіць шум, турбуе, дакучае”, - сказаў Папа.

Пантыфік дадаў, што маліцца трэба з “непарушнай упэўненасцю”, прыкладам чаго з’яўляюцца тыя ж евангельскія сляпыя: “яны з упэўненасцю прасілі Пана аб аздараўленні”, таму што на Яго пытанне: “Ці верыце, што Я магу зрабіць гэта?” рашуча адказалі: “Так, Пане!” Па словах Святога Айца, малітва павінна мець два вымярэнні: быць патрабуючай і ўпэўненай.

У малітве, заўважыў Папа, трэба прадставаць перад Богам у праўдзе, нібыта кажучы: “Я сляпы, Пане. Маю патрэбу ў гэтым. Маю гэтую хваробу, гэты грэх, боль...” і адначасова памятаць, што Бог чуе, як мы просім Яго дапамогі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.