Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Бог суцяшае свой народ і суцяшае кожнага з нас
Слова Папы
11.12.2013 11:28

Пра тое, што не трэба баяцца суцяшэння Бога, – наадварот, трэба шукаць і прасіць яго, казаў Папа Францішак падчас Імшы 10 снежня ў капліцы Дома св. Марты. Каментуючы ўрывак з Кнігі Ісаі, Пантыфік звярнуў увагу, што Бог “прыходзіць да свайго народа, каб суцешыць яго”.

“Ён нанова стварае ўсё існае. І Касцёл не стамляецца паўтараць, што гэтае новае стварэнне з’яўляецца больш дзіўным, чым ранейшае. Пан нанова стварае ўсё дзівосным чынам. (...) Народ Божы заўсёды меў такую ідэю, такую думку – што Пан наведае яго”, - сказаў Святы Айцец.

Па словах Папы, Божае суцяшэнне заключаецца ў тым, “што Пан робіць усё нанова не адзін раз, а шмат разоў, робіць гэта з Сусветам, а таксама з намі”, і “калі Пан набліжаецца, Ён дае нам надзею; Пан робіць усё нанова з надзеяй, Ён заўсёды адчыняе дзверы”, і гэтая надзея – сапраўдная моц у хрысціянскім жыцці.

“Калі хрысціянін забывае пра надзею, або, яшчэ горш, губляе надзею, - то яго жыццё пазбаўляецца сэнсу. Яго жыццё як быццам апынаецца перад глухой сцяной. Але Пан суцяшае нас і стварае нас нанова, вяртаючы надзею, каб мы маглі ісці наперад, - падкрэсліў Пантыфік. – І Ён робіць гэта таксама з асаблівай блізкасцю да кожнага, таму што Пан суцяшае свой народ і суцяшае кожнага з нас”. “Бог усемагутны, Ён не баіцца праяўляць пяшчоту”, - дадаў Папа.

Святы Айцец пажадаў, “каб Пан даў нам усім ласку не баяцца Яго суцяшэння, быць адкрытымі: каб мы прасілі аб суцяшэнні, шукалі яго, бо гэта суцяшэнне, якое дасць нам надзею і дасць адчуць пяшчоту Бога Айца”.

Паводле рускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.