Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа: калі добра ўгледзецца ў таямніцу Апошняга Суду, яна стане прычынай вялікага даверу
Слова Папы
11.12.2013 13:48

Па словах Папы Францішка, калі добра ўгледзецца ў таямніцу Апошняга Суду, яна не можа не стаць “прычынай вялікага суцяшэння і даверу”. 11 снежня падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра Пантыфік пачаў апошнюю серыю катэхез, прысвечаных Сімвалу веры, і патлумачыў, чым з’яўляецца Апошні Суд, які “амаль інстынктыўна нараджае ў нас пачуццё страху і, магчыма, нават трымцення”.

Папа нагадаў, што цэлебрацыі і малітвы ў першых хрысціянскіх супольнасцях часта суправаджаліся ўскліканнем “Мараната”. Гэты выраз складаецца з двух арамейскіх словаў, якія ў залежнасці ад свайго парадку могуць азначаць заклік “Прыйдзі, Пане!” або перакананасць, умацаваную верай: “Так, Пан прыходзіць, Пан, блізка”. “У гэтым ускліканні знаходзіцца кульмінацыя ўсяго хрысціянскага Аб’яўлення”, - адзначыў Пантыфік і дадаў, што гэтым выразам Касцёл-нявеста ад імя ўсяго чалавецтва звяртаецца да Хрыста, свайго Жаніха, чакаючы моманту прыняцця ў Яго абдымкі, якія з’яўляюцца поўняй жыцця і любові.

“Калі падумаем пра Апошні Суд у гэтай перспектыве, любы страх і нерашучасць паменшацца і дадуць прастору чаканню і глыбокай радасці, - сказаў Папа. - Мы станем нарэшце гатовымі пераапрануцца ў хвалу Хрыстовую, як у вясельны строй, і прыведзенымі на пір, вобраз поўнай і канчатковай еднасці з Богам”.

Яшчэ адной прычынай суцяшэння, паводле Святога Айца, з’яўляецца ўпэўненасць у тым, што падчас Апошняга Суду мы не будзем пакінуты ў адзіноце: Езус у Евангеллі паводле Мацвея апавядаў, што разам з Ім судзіць будуць тыя, якія наследавалі Яго ў жыцці, і св. Павел у Пасланні да Карынцянаў пісаў: “Хіба не ведаеце, што святыя будуць судзіць свет?” (1 Кар 6, 2).

“Як цудоўна ведаць, што ў той момант, акрамя Хрыста, нашага Суцяшыцеля, нашага Заступніка перад Айцом, можам разлічваць таксама на заступніцтва і добразычлівасць нашых шматлікіх і больш вялікіх братоў і сясцёр, якія апярэдзілі нас на шляху веры, ахвяравалі сваё жыццё за нас і працягваюць нас любіць невымоўным чынам!” - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што яшчэ адна нагода для спакойнага ўспрыняцця таямніцы Апошняга Суду – гэта словы з Евангелля паводле Яна: “Бо не паслаў Бог свайго Сына ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не бывае асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага” (Ян 3, 17-18).

Па словах Святога Айца, “суд ужо адбываецца, падчас нашага існавання”, а вынесенае суджэнне з’яўляецца водгукам прыняцця або непрыняцця збаўлення ў Хрысце. “І тут уваходзіць у гульню наша адказнасць: Пан Езус падарыў сябе і працягвае дарыць сябе нам, каб напоўніць нас усёй сваёй міласэрнасцю і ласкай Айца. Менавіта мы можам стаць у пэўным сэнсе суддзямі саміх сябе, асуджаючыся на выключэнне з еднасці з Богам і братамі, на вялікую адзіноту і сум, якія з’яўляецца наступствам усяго гэтага. Не трэба стамляцца сачыць за сваімі думкамі і паводзінамі, каб ужо зараз адчуць цяпло і ззянне Божага аблічча (...), якое ў вечным жыцці будзем сузіраць ва ўсёй яго поўні”, - заклікаў Папа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік нагадаў пра ініцыятыву па барацьбе з голадам у свеце, якую пачала рэалізоўваць Асацыяцыя дабрачынных каталіцкіх арганізацый “Caritas Internationalis”, заклікаў рашуча дзейнічаць супраць глабальнага голаду і не дазволіць, каб ён паралізаваў ініцыятыву.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.